Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад шукае беспрацоўным працу


Радыё Свабода Савет Міністраў выказаў заклапочанасьць падвышэньнем эканамічнай актыўнасьці насельніцтва , зацьвердзіўшы плян мерапрыемстваў у гэтай справе. Такім чынам мяркуецца павялічыць колькасьць працоўных месцаў і даходаў у бюджэт.

Урадавая пастанова скіраваная на ўдасканаленьне палітыкі занятасьці. Ажыцьцяўляць яе будзе Міністэрства працы й сацыяльнай абароны насельніцтва. Гаворыць афіцыйны прадстаўнік міністэрства Галіна Трафіменка:

(Трафіменка: ) “Гэта рабочы плян – плян дзеяньняў. Так, у нас самы нізкі ўзровень беспрацоўя сярод былых савецкіх рэспублік. Але рэзэрвы заўжды ёсьць – у любым грамадзтве. Таму мы цяпер у праграме занятасьці зьвяртаем увагу і прымем меры па стварэньні працоўных мест у монагарадах, на вёсцы”.

Асаблівую ўвагу улады надаюць працаўладкаваньню моладзі ў вёсках і невялікіх гарадах. 20-гадовыя Аляксандр і Ўладзімер жывуць у Дзяржынску:

(Аляксандр: ) “Тут толькі пару заводаў працуе і ўсё. Паміраюць”.

(Уладзімер: ) “Усе прадпрыемствы ляжаць павальна. Няма дзе зарабіць вялікія грошы. Хіба што толькі на асноўных заводах у Менску. А так у Дзяржынску практычна няма дзе працаваць”.

Зьміцер Вінаградаў жыве ў Мядзелі:

(Вінаградаў: ) “Шмат беспрацоўных. Бо нічога ж ня робіцца ўладамі для гэтага. Аграгарадкі дадуць працу? Прадпрыемствы, якія былі яшчэ пры Саветах, зьліквідаваныя. Мае знаёмыя, колькі я ведаю, яны нідзе не працуюць. Хто ягадамі, хто грыбамі, хто рыбай займаецца. Іншыя ўзялі й пазьяжджалі за мяжу. Асабліва жанчыны. Вельмі шмат знаёмых жанчын у Італіі, Грэцыі. Яны там працуюць, атрымалі легалізацыю, прыяжджаюць на пабыўку. Вельмі шмат моладзі, ведаю, боўтаецца. Бо няма дзе ўладкавацца на нармалёвую працу. І яны не становяцца на ўлік у раённым цэнтры занятасьці насельніцтва. Па-першае, там слаба плацяць, а па-другое, трэба езьдзіць пастаянна ў калгасы”.

Паводле экспэртаў, павялічыць занятасьць насельніцтва найбольш рэальна праз стварэньне дадатковых працоўных месцаў у недзяржаўным сэктары эканомікі. Меркаваньне аналітыка менскага Інстытуту прыватызацыі й мэнэджмэнту Аляксандра Чубрыка:

(Чубрык: ) “Я думаю, што ўрад разумее праблему. Але ж ці здолеюць яны рабіць тыя крокі, якія патрэбны рабіць?! Напрыклад, вельмі вялікім рэсурсам тут, як гэта адбываецца ва ўсім сьвеце, зьяўляецца малы бізнэс. Калі ў нас адбываўся працэс вызваленьня працоўнай сілы зь дзяржпрадпрыемстваў у сярэдзіне 90-х, тады вельмі істотна павялічылася колькасьць у малым бізнэсе. Таму я лічу, што гэта добрая магчымасьць, каб павялічыць колькасьць працоўных”.
XS
SM
MD
LG