Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Дубавец: “Наша ніва” – газэта, якая выхоўвае...”


Радыё Свабода Сёньня найстарэйшая беларуская газэта “Наша ніва” адзначае 100-гадовы юбілей. Першы нумар газэты выйшаў у лістападзе 1906 году. Паведамлялася, што яна будзе служыць “усяму беларускаму скрыўджанаму народу”. У большасьці сучасных навуковых артыкулаў пра “Нашу ніву” адзначаецца, што яе матэрыялы заўжды адлюстроўвалі нацыянальны характар беларусаў.

У сьвяточным нумары “Нашай нівы” – паведамленьне, што рэдакцыя будзе вітаць гасьцей у сядзібе БНФ на цяперашнім праспэкце Машэрава. Супрацоўнік выданьня Андрэй Скурко гаворыць, што менскія ўлады адмовілі ў арэндзе больш прасторнага памяшканьня, і з-за сьціплых памераў залі ўрачыстасьць адбудзецца двойчы.

(Скурко: ) “...А калі будзе вялікая колькасьць людзей, то нават і тройчы. Першае сьвяткаваньне пачнецца а 17-й гадзіне. Другое – а 19-й гадзіне. Усіх запрашаем. Будзе сьпяваць Лявон Вольскі. Будзе выступаць Уладзімер Арлоў ды іншыя знакамітыя аўтары “Нашай нівы”.

Павіншаваць “нашаніўцаў” сёньня прыйдуць Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Сяргей Законьнікаў, Генадзь Бураўкін. Паэт Васіль Зуёнак папрасіў слова ў эфіры Радыё Свабода:

(Зуёнак: ) “Гісторыя апраўдваецца рэдакцыяй. Журналісты ўзялі на сябе адказнасьць, калі радавод газэты пачалі ад той “Нашай нівы”. Гэта была такая творчая сьмеласьць. Але хлопцы зрабілі сваю справу, і на сёньняшні дзень газэта вельмі і вельмі сур’ёзная і вельмі па-мастацку грунтоўная. Зьвязаўся ланцужок, усталявалася сувязь з той слыннай “Нашай нівай” па той творчай атмасфэры. Яны адкрываюць вельмі шмат аўтараў, так як гэта рабіла ад пачатку “Наша ніва”.

Першым рэдактарам “Нашай нівы” у часе яе адраджэньня быў публіцыст Сяргей Дубавец.

(Дубавец: ) “Газэта, якая ёсьць – мэсыдж, пасланьне беларускай нацыі аб яе адраджэньні ці нараджэньні. “Наша ніва” – гэта газэта, якая выхоўвае. Разам зь ёю прыходзяць новыя пакаленьні. Гэта не зусім газэта, бо яна выконвае функцыю пасланьня. Таму на ёй гадуюцца людзі. Я лічу, што разам з “Нашай нівай” у 1990-я гады вырасла цэлае пакаленьне сьвядомых беларусаў, у тым ліку і тых, хто сёньня працягвае рабіць “Нашу ніву”.

Паводле Сяргея Дубаўца, і былыя, і цяперашнія ўлады ўспрымаюць Нашу Ніву нэгатыўна. Але бываюць і перамогі. Галоўную вызначае Сяргей Дубавец.

(Дубавец: ) “Калі казаць, што было найбольш важнае ў гістарычным пляне, то я назаву суд над “Нашай нівай” – суд над беларускім клясычным правапісам. У Вышэйшым гаспадарчым судзе ў 1997 годзе наша рэдакцыя гэтую спрэчку выйграла”.
XS
SM
MD
LG