Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Беларускі друк на Захадзе" прэзэнтаваны ў Польшчы


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ўвечары ў польскай Акадэміі навук адбылася прэзэнтацыя кнігі-бібліяграфіі вядомых беларускіх дзеячаў са Злучаных Штатаў Вітаўта і Зоры Кіпеляў “Беларускі друк на Захадзе”. У прэзэнтацыі ўзялі ўдзел выбітныя навукоўцы, літаратары а таксама дыпляматы

“Беларускі друк на Захадзе” – ёмісты том, у якім сабраныя зьвесткі пра сотні ўсемагчымых беларускіх імігранцкіх выдавецтваў, прычым ня толькі кніжак ці пэрыёдыкі, але, прыкладам, квіткоў на беларускія канцэрты на 15 мовах.

Аўтар бібліяграфіі, дырэктар Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў ЗША Вітаўт Кіпель кажа, што кніга паўстала на падставе вялікага збору беларускіх імігранцкіх выданьняў, які быў перададзены ў Нью-Ёркскую бібліятэку, бо ў цяперашнюю Беларусь яго было вырашана не аддаваць.

(Кіпель: ) “Што да ўладаў, дык я з імі кантактаў ніякіх ня маю, але думаю, што яны ўвогуле ніякай увагі на беларускую літаратуру не зьвяртаюць”.

Выданьне бібліяграфіі прымеркаванае да стагодзьдзя выданьня першых беларускіх газэтаў “Наша доля” і “Наша Ніва”. Паводле былога амбасадара Польшчы ў Беларусі Эльжбэты Смулковай, падобнага выданьня ня маюць нават палякі, якіх за мяжой жыве прынамсі 15 мільёнаў.

(Смулкова: ) “Тут усё сабрана разам для дасьледчыкаў. Перадусім гэта памяць таго, чым зьяўляецца іміграцыя. Гэта ж асобная сацыялягічная праблема – што яны робяць, чым жывуць, як ставяцца да іншых народаў, да свайго народа”.

“Беларускі друк на Захадзе" выдадзены Беларускі інстытутам навукі і мастацтва ў супрацоўніцтве з інстытутам славістыкі Польскай акадэміі навук. Супрацоўнік інстытуту Юры Гарбіньскі кажа, што да польска-беларускага навуковага супрацоўніцтва заахвочваў Ежы Гедройц.

(Гарбінські: ) “Супрацоўніцтва зь Беларускім інстытутам навукі і мастацва пачалося ад кнігі “Беларуская думка ХХ стагодзьдзя – філязофія, рэлігія, культура”, якая паказала Беларусь як сынтэз Заходу і Ўсходу. Гэтую кнігу высока ацаніў Ежы Гедройц, які напісаў, што зь вялікай цікаўнасьцю яе чытае і паабяцаў зьмясьціць рэцэнзію ў парыскім часопісе “Культура”. На жаль ягоная заўчасная сьмерць не дазволіла гэта зрабіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG