Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр кінарэжысэр, "галівудзкі дысыдэнт", Робэрт Олтмэн


Вячаслаў Ракіцкі, Менск На 82-м годзе жыцьця ў Каліфорніі памёр адзін з найбуйнейшых рэжысэраў сучаснасьці Робэрт Олтмэн. За 60 гадоў працы ў кіно ён паставіў 86 фільмаў. Сярод самых вядомых – “Ваенна-палявы шпіталь”, Госфард – парк”, “Канзас-сіты”, “Высокая мода”, “Нэшвіл”, “Вясельле”, “Кароткія адрэзкі”.

Робэрта Олтмэна пяць разоў вылучалі на галоўную амэрыканскую кінапрэмію “Оскар” за лепшую рэжысуру, але запаветную статуэтку майстар атрымаў толькі сёлета не за канкрэтны фільм, а за “ўнёсак у разьвіцьцё кінамастацтва”. А да такога прызнаньня амэрыканскімі кінаакадэмікамі Олтмэн быў адным з двух рэжысэраў сьвету (другі – італьянец Мікелянджэла Антаніёні), які ў сваёй калекцыі ўзнагародаў меў тры галоўныя прызы трох галоўных фэстываляў, што адбываюцца ў Эўропе, – Канскага, Вэнэцыянскага і Бэрлінскага.

Зрэшты, стыль ягоных фільмаў – вытанчаны, асацыятыўны, мазаічны– імпанаваў эўрапейцам. І яго часта называлі амэрыканскім Фэліні. І гэтак жа, як і карціны Фэліні, літаральна па кадрах у кінашколах вывучаюць і творы Олтмэна.

Олтмэн яшчэ пры жыцьці быў галівудзкай легендай. Рэжысэр і прадусар, чые фільмы мелі камэрцыйны посьпех, не аднойчы публічна выказваў пагарду да публікі. Таксама цягам сваёй доўгай кар’еры ён быў парушальнікам галівудзкіх правілаў гульні. Яго абвінавачвалі ў няздольнасьці пабудаваць лягічную кампазыцыю фільмаў, у адсутнасьці дынамікі разьвіцьця сюжэтаў. А гэта ў амэрыканскім кіно доўгі час зьяўлялася страшным грахом.

Хадзіў Олтмэн у галівудзкіх дысыдэнтах яшчэ і з прычыны свайго скандальнага характару. Калі адзін са студыйных босаў вырашыў парэзаць ягоны “Нэшвіл” – мазаічны фільм пра фэстываль кантры-музыкі, – Олтмэн публічна ўдарыў таго па твары. А ў фільме “Гулец” рэжысэр увогуле зласьліва кпіў з галівудзкіх стандартаў і людзей. Калегі ставіліся да яго адпаведна – ад нянавісьці да мазахісцкага жаданьня працаваць зь ім. І гэта таксама адна зь легендаў Галівуду – пасьля “Гульца” ў Олтмэна зьняліся без ганарару ажно 66 знакамітасьцяў. Не баяцца нікога і нічога дазваляла Робэрту Олтмэну ягонае дакінематаграфічнае жыцьцё. Інжынэр паводле адукацыі, у гады Другой усясьветнай вайны ён быў пілётам бамбавіка.

Месяц таму Робэрт Олтмэн абвясьціў, што зьбіраецца здымаць фільм пра незвычайнае спаборніцтва, якое гадоў дзесяць таму ладзілася ў Тэхасе. Удзельнікі імпрэзы станавіліся побач з грузавіком “Нісан” і клалі на яго руку. Людзі стаялі столькі, колькі дазвалялі ім сілы. Апошні, чыя рука засталася на аўто, атрымаў яго дарма. Здымкі карціны павінны былі пачацца на пачатку наступнага году. Апошні фільм Робэрта Олтмэна “Кампаньёны” пазначаны 2006 годам.
XS
SM
MD
LG