Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына: міжнародных назіральнікаў на выбары мы запрашаць ня будзем


Паводле БелаПАН Беларусь ня будзе запрашаць на мясцовыя выбары міжнародных назіральнікаў. Гэта яшчэ раз пацьвердзіла старшыня ЦэнтарвыбаркамуЛідзія Ярмошына ў інтэрвію, апублікаваным у сёньняшнім нумары газэты "Местное самоуправление".

"Сусьветная практыка ідзе па шляху незапрашэньня міжнародных назіральнікаў на мясцовыя выбары. Наша дзяржава вырашыла ня быць "белай варонай" сярод іншых краін і таксама не запрашае міжнародных назіральнікаў", - сказала Л.Ярмошына. Апрача таго, паводле словаў кіраўніцы ЦВК, у Беларусі "няма праблем з нацыянальным назіраньнем".

"Беларусь займае першае месца сярод краін СНД па колькасці суб''ектаў, якія маюць права накіроўваць нацыянальных назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі", - падкрэсьліла Л.Ярмошына.

Яна адзначыла таксама, што выбарчая кампанія ў Беларусі праходзіць вельмі спакойна, ажывіцца яна толькі пасьля таго, як пачнецца рэгістрацыя кандыдатаў (з 5 да 14 сьнежня), а таксама ў пэрыяд агітацыі.

У пераважнай большасці акруг старшыня ЦВК не чакае асаблівай палітычнай барацьбы, паколькі ў іх адсутнічае канкурэнцыя кандыдатаў. "У Менску ж барацьба будзе назірацца ў любым выпадку, таму што там у выбарах удзельнічае дастаткова вялікая колькасць асоб, якія вядомыя ў нашай палітыцы", - сказала Л.Ярмошына.
XS
SM
MD
LG