Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Агляд беларускага Інтэрнэту за 22 лістапада


Севярын Квяткоўскі, Менск Беларускія блогеры рэфлексуюць з нагоды другіх угодкаў Памаранчавай рэвалюцыі ў Кіеве.

Карыстальнік Rat king піша: “Прайшло два гады. Гэта два яшчэ ня вельмі ўпэўненыя крокі, але ў сваім накірунку маладой набываючай незалежнасьць Украіны, даюць тыдзень. Калі Лукашэнка апэлюе да Масквы толькі "братэрскімі" пачуцьцямі, украінскі бок, які ўспрымаецца там амаль варожа, размаўляе на роўных. Віншую ўкраінскіх сяброў і тых беларусаў, якія ўдзельнічалі ў здабытку Ўкраінай незалежнасьці”.

Карыстальнік Andorac камэнтуе: “Божа мой, які тыдзень! Украіна зараз жыве не па законе, а па панятках. Сумняюся, што там бліжэйшым часам будзе нешта добрае”.

А ўкраінскі ўдзельнік дыскусіі Induktor адгукаецца так: “Памятаю, першымі, з кім я гаварыўна Майдане – былі хлопцы зь Беларусі зь вялікім бел-чырвона-белым сьцягам. Дзякуй вам, браты, за гэта”.

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць інфармацыю пра тое, што ад 8 сьнежня гандляры абавязаныя маркіраваць шэраг тавараў, якія ўвозяцца ў краіну: каву, гарбату, абутак, аўдыё– і відэёкампакт-дыскі і касэты, мабільныя тэлефоны ды іншыя. Водгукі ўдзельнкаў абмеркаваньня альбо скептычныя,альбо іранічныя: “У нас ёсьць алігархі, горшыя за расейскіх. І сядзяць яны ў Міністэрствах, і прыдумляюць новыя законы”ў мэтах абароны грамадзянаў”, а насамрэч – банальнае прыкрыцьцё патрэбнага бізнэсу”;

“З такімі тэмпамі неўзабаве нованароджаных будзем маркіраваць. Хтосьці вельмі добра заробіць на навінцы”;

“А калі нарэшце пачнецца абавязковая маркіроўка грамадзянаў Беларусі?”

Інтэрнэт-рэсурс “Беларускія Навіны” зьвінаваціў публіцыста Аляксандра Фядуту ў плягіяце. Журналісты заўважылі ў выданьні “Новое русское слово” публікацыі аўтара “Белорусских Новостей” Алены Наважылавай, падпісаныя імем Аляксандра Фядуты. Сам публіцыст напісаў у сваім блогу выбачэньне: “На жаль, з прычынаў, якія ад мяне не залежаць, рэдакцыя “Новага рускага слова” пачала здымаць з тэкстаў спасылкі на крыніцу інфармацыі. … Гэта слабое суцяшэньне – разумець, што твая віна меншая, чым віна кагосьці іншага. Трэба браць на сябе адказнасьць, што я і раблю”.

Адзін з наведнікаў “Беларускіх Навінаў” камэнтуе: “Спадар Фядута выбачыўся ня менш дзіўным чынам, чым той, якім ён піша артыкулы. Выбачыўся ва ўласным блогу на іншым рэсурсе. Ён бы яшчэ гэта зрабіў у асабістым дзёньніку…” Іншы наведнік удакладняе: “Ужо пасьля выбачэньняў спадара Фядуты на сайце “Новага рускага слова” зьявілася прынамсі некалькі матэрыялаў, скрадзеных у “Беларускіх навінаў” па той жа схеме”.

На літаратурным сайце “Litara.net” зьмешчаны верш з даўгой назвай “Верш “У нашай Вільні” перароблены і сапсаваны з нагоды святкавання стагоддзя газеты "Наша Ніва". Верш “У “Нашай Вільні” належыць Адаму Глёбусу, а пераробка зьмешчаная пад псэўданімам “2006”

Стагоддзе Нівы. Дзень сапраўдны. Я п''ю ваду, а сябра — каву. Дап''ем і пойдзем спакваля. Наперадзе чакаюць справы. Яму налева, мне направа, бо Ніва ў кожнага свая.

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. Да сустрэчы ў оф-лайне.
XS
SM
MD
LG