Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму радуюцца кіраўнікі нацыянальных банкаў Беларусі й Украіны?


Радыё Свабода Сёньня ў Гомелі адбылося паседжаньне Кансультацыйнай рады нацыянальных банкаў Беларусі й Украіны з удзелам кіраўнікоў Пятра Пракаповіча і Ўладзімера Стэльмаха. Абмяркоўвалі замежнаэканамічныя стасункі краінаў і асноўныя кірункі разьвіцьця грашова-крэдытнай палітыкі.

На прэсавай канфэрэнцыі па выніках паседжаньня галоўны ўкраінскі банкір Уладзімер Стэльмах, адказваючы на пытаньне карэспандэнта БелаПАН, заявіў, што доўг Украіны Беларусі, які ўзьнік яшчэ ў савецкі час, — пытаньне, народжанае папярэднім кіраўніком беларускага банку Станіславам Багданкевічам.

(Стэльмах: ) “Я гэтае пытаньне добра ведаю й магу адно сказаць: гэтае пытаньне трэба аднесьці на рахунак банкіра-аматара Багданкевіча. Ён яго спарадзіў. І гэтую, так бы мовіць, салодкую памылку, падхапіў міністар фінансаў. Калі ўзяць цяперашнюю сытуацыю, то я павінен патрабаваць ад Беларусі — паколькі тавараабарот у наш бок, то грошай ад вас ідзе болей. Калі прымяніць формулу Багданкевіча, так мы павінны патрабаваць. Але ж гэта прадпрыемствы працуюць”.

У кіраўніка Нацыянальнага банку Беларусі Пятра Пракаповіча іншае меркаваньне:

(Пракаповіч: ) “На кожную праблему заўсёды ёсьць некалькі пунктаў гледжаньня. На дадзеным этапе гэта ўжо справа міністэрстваў фінансаў дзьвюх краінаў. Нацыянальныя банкі ў гэтым пытаньні ня ўдзельнічаюць”.

Галоўныя банкіры Беларусі і Ўкраіны радаваліся адзін за аднаго. Украінскі кіраўнік вельмі станоўча казаў пра падтрымку Беларускім нацыянальным банкам уласнай эканомікі й сацыяльных праграмаў. Адзначаў таксама заслугі калег у паніжэньні інфляцыі.

Паводле Ўладзімера Стэльмаха, ва Ўкраіне з прычыны палітычнай сытуацыі — прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў — не ўдаецца атрымаць значнага прыросту ўнутранага валавога прадукту. Летась ён павялічыўся толькі на 2,6 адсотка.

Спадар Стэльмах перакананы: паколькі эканамічныя стасункі дзьвюх краінаў апошнім часам ажывіліся, то недалёкі час, калі пачнецца стварэньне сумесных беларускіх і ўкраінскіх банкаў.

Пётар Пракаповіч лічыць карысным досьвед прыцягненьня ўкраінскімі банкамі замежных інвэстыцыяў.

(Пракаповіч: ) “Мы радуемся, што нашы ўкраінскія калегі сумелі прыцягнуць больш замежных рэсурсаў. І сёлета тэмпы прыцягненьня замежных рэсурсаў у іх вышэйшыя. Калі не памыляюся, на 87 адсоткаў украінская банкаўская сыстэма прырасла сёлета замежнымі інвэстыцыямі. У нас пакуль гэты вынік больш сьціплы. Але мы прынялі прынцыповае рашэньне датычна трох інвэстараў. Да канца году сытуацыя палепшыцца з гледзішча прыцягненьня замежных інвэстыцыяў у банкаўскую сыстэму. Станоўчы досьвед Украіны для нас будзе карысны”, — заявіў кіраўнік Нацыянальнага банку Беларусі Пётар Пракаповіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG