Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Галадоўка А.Казуліна: 34-ты дзень, мінус 30 кіляграмаў


Радыё Свабода, Менск У Віцебскай калёніі працягваецца галадоўка былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна, які пратэстуе супраць улады Аляксандра Лукашэнкі й дамагаецца разгляду беларускага пытаньня ў ААН.

22 лістапада пайшоў 34-ты дзень галадоўкі Аляксандра Казуліна. Вось што сёньня стала вядома жонцы палітыка пра стан ягонага здароўя:

(Казуліна: ) “Раніцай я тэлефанавала намесьніку начальніка калёніі Руслану Прымаку. Ён сказаў, што ціск у яго быў раніцай 105 на 60, і што ён гуляе на вуліцы. Гэта ўсё, што я ведаю”.

(Карэспандэнт: ) “Ці праўда, што побач зь ім заўсёды знаходзіцца лекар?”

(Казуліна: ) “Ня ведаю. Лекары калёніі адказваюць болей як за тысячу вязьняў, таму ня думаю, што побач зь ім заўсёды нехта зь лекараў”.

(Карэспандэнт: ) “Але ў адміністрацыі гэтак казалі адвакату”.

(Казуліна: ) “Мне пра гэта не казалі. Мне кажуць, што яго толькі рэгулярна ўзважваюць і мераюць ціск”.

Датэлефанавацца да адміністрацыі калёніі ў другой палове дня не ўдалося: тэлефоны начальніка і ягоных намесьнікаў не адказвалі. Між тым, акрамя адміністрацыі, цяпер няма іншых крыніц, якія б маглі даць інфармацыю пра здароўе Аляксандра Казуліна. Адвакату Казуліна Ігару Рынкевічу адмовілі ў сустрэчы зь ім на той падставе, што побач з Казуліным заўсёды знаходзіцца нехта з дактароў і таму нібыта немагчыма забясьпечыць канфідэнцыйнасьць кантактаў.

Да 15 лістапада разам з Казуліным галадаў былы дэпутат Сяргей Скрабец, які цяпер на волі. Апошні раз сваякі Аляксандра Казуліна атрымалі ад яго ліст з калёніі 2 лістапада.

Паводле Ірыны Казулінай, Аляксандар Казулін цяпер важыць 73 кіляграмы. Рост палітыка — 188 сантымэтраў. Да арышту 25 сакавіка Казулін важыў 103 кіляграмы.
XS
SM
MD
LG