Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як беларусы вітаюцца?


Ігар Карней, Менск 21 лістапада адзначаецца Міжнародны дзень вітаньняў. У 1973 годзе, у самы разгар “халоднай вайны”, дзень вітаньняў прыдумалі браты Майкл і Брайн Маккомак з амэрыканскага штату Нябраска. Браты вынайшлі просты, але эфэктыўны спосаб прымірыць людзей – выправілі прывітальныя лісты ва ўсе куткі сьвету. Не навязваючы пацыфісцкіх ідэяў, прасілі адрасата павітаць яшчэ каго-небудзь, чым стварылі ланцуговую рэакцыю. Ідэю падтрымалі як кіраўнікі краінаў, гэтак і звычайныя людзі. Ад таго часу штогод 21 лістапада адзначаецца Ўсясьветны дзень вітаньняў, радасных эмоцыяў і добрага настрою.

Найбольш папулярнае ў сьвеце вітаньне – пацісканьне рукі. Аднак нават гэты жэст мае рознае значэньне. Навуковец Зьміцер Саўка кажа, што традыцыйная культура беларусаў у чымсьці падобная да японскага ўзору.

(Саўка: ) “Як чалавек, арыентаваны ў такіх рэчах на глебу, лічу, што гэта можа й ня самае беларускае вітаньне. Несумненна, яно прыйшло з рыцарскіх часоў; несумненна, гэта характэрна было для Заходняй Эўропы, для вышэйшых клясаў. Ну й пазьней культура, як вядома, зьніжаецца: спачатку штосьці нараджаецца ў вышэйшых клясах, а потым зьніжаецца да ўзроўню плебсу (ня хочацца нікога пакрыўдзіць). Тое самае адбылося з пацісканьнем рукі: да народнага побыту гэта наўрад ці дайшло. Прынамсі, з маіх роспытаў старэйшых людзей, якія нарадзіліся яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі, дык яны нічога ня ведаюць пра вітаньне рукой. Было здыманьне шапкі, быў паклон – чым глыбейшы паклон, тым большае шанаваньне. Нездарма ў народных песьнях сьпяваецца: чалом табе, чалом”.

Піянэрскі жэст “Будзь гатовы!” некалі быў запазычаны ў амэрыканскіх скаўтаў. На пачатку 90-х, у першыя гады незалежнасьці Беларусі, такое вітаньне, падавалася, назаўсёды засталося ў гісторыі. Аднак з аднаўленьнем піянэрскіх арганізацыяў у школах, вярнулася йвітаньне.

Рэдактар часопісу “Плянэта Усевалад Янчэўскі прайшоў шлях ад звычайнага савецкага піянэра да кіраўніка Беларускага патрыятычнага саюзу моладзі.

(Янчэўскі: ) “Усё гэта цяпер робіцца ня ў тых формах, як рабілася ў СССР. То бок, гэта зусім ужо не такая абязалаўка, а дзесьці да гэтага падыходзяць зусім фармальна”.

Ветлівасьць і вітаньне – словы аднакарэнныя. А таму вітаць – значыць, зычыць здароўя й рабіць гэта з усьмешкай на твары. Але якімі словамі?

Натуральна, што ў розныя часы і ў розных сацыяльных групах беларусы выкарыстоўвалі розныя словы для прывітаньня. Тым ня меней, лічыць мовазнаўца, намесьнік галоўнага рэдактара часопіса “Спадчына” Вінцук Вячорка, гістарычна склалася свая багатая традыцыя.

(Вячорка: ) “Сёньня ў нас ёсьць уся палітра вітаньняў. Ёсьць вітаньні, залежна ад пары дня – “Добры дзень”, “Добры вечар”. Дарэчы, “Добрай раніцы” традыцыйна не было, таму што зранку пачынаўся дзень. І “Добрай раніцы” – гэта калька чужаземная. Апроч таго, нэўтральна-свойскае “Вітаю”; чыста свойскае “Здароў”; паважлівае, з прыўзьняцьцём капелюша “Маё шанаваньне”. Гэта таксама “Спору працы”, альбо “Памагай Бог” – чалавеку, які, скажам, ляжыць пад сваім разабраным, старым “Фальксвагенам”. І на кожны від дзейнасьці ў старажытнасьці ў беларусаў таксама былі свае характэрныя вітаньні. А заходзячы ў хату, дзе людзі ядуць, можна сказаць “Смачна есьці”, а можна сказаць “Уежна вам!”
XS
SM
MD
LG