Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Знойдзеныя новыя зьвесткі пра ўдзельнікаў Слуцкага збройнага чыну


Радыё Свабода Ад сёньня ў Беларусі распачынаецца падрыхтоўка да чарговых угодкаў Слуцкага збройнага чыну. 22 лістапада ў 1920 годзе ў вёсках воласьці былі ўтвораныя нацыянальныя камітэты дапамогі Радзе ў падрыхтоўцы збройнага змаганьня.

Гісторык Ніна Стужынская паведаміла, што сёлета ў архівах Польшчы і Расеі адшукала новыя зьвесткі пра патрыётаў барацьбы за незалежнасьць Беларусі. Аўтарка першай кнігі “Беларусь мяцежная: з гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву 20-х гадоў XX стагодзьдзя” кажа, што падрыхтавала матэрыял для наступнага зборніка. Са словаў Ніны Стужынскай, кніга пазнаёміць зь лёсам ацалелых слуцкіх ваяроў:

(Стужынская: ) “Мудрая палітыка пошуку кампрамісаў і магчымасьцяў дазволіла ім пратрымацца да 1930-х гадоў. Больш таго, яны заставаліся заўважаныя на эўрапейскім палітычным полі. Я ведаю пра сваіх герояў дакладна, што да пачатку другой усясьветнай вайны случакі і зялёнадубаўцы ня складвалі зброю”.

Ніна Стужынская гаворыць, што ўпершыню новыя зьвесткі агучыць на Случчыне 26-га лістапада. Плянуецца, што якраз у выходныя дні адбудзецца вандроўка па месцах крывавых баёў Слуцкай брыгады супроць савецкай арміі. Актывіст апазыцыі Вячаслаў Сіўчык расказвае, што ў Беларусі ўжо распачынаецца тыдзень ушанаваньня памяці змагароў.

(Сіўчык: ) “Ужо склалася такая традыцыя – сьвяткаваць гадавіну Слуцкага збройнага чыну. І натуральна, што ў гэтыя дні будуць адбывацца акцыі”.

Гістарычныя матэрыялы пра славутую брыгаду захоўваюцца ў прыватным музэі Алеся Белага ў Старых Дарогах. Уладальнік кажа пра папаўненьне экспазыцыі:

(Белы: ) “У мяне на сёньня ўжо каля 90 партрэтаў удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну. Яшчэ ёсьць адзін праект – яго робіць і прадставіць у найбліжэйшы час Аляксандар Зіменка. Гэта цікавы барэльеф, які можам усталяваць на камяні”.

Алесь Белы паведаміў, што ён зьвернецца да жыхароў Слуцка з прапановаю заснаваць такі памятны знак на прыватнай сядзібе. Бо цяперашняе гарадзкое кіраўніцтва ў Слуцку не знаходзіць сродкаў для ўшанаваньня памяці гераічных землякоў. Да сёньня не рэалізаваны праект, які яшчэ летась выканаў менскі скульптар Міхась Інькоў. Слуцкі збройны чын доўжыўся больш за месяц: ад 27 лістапада па 31 сьнежня 1920 году. Тады Слуцкі павет займаў амаль палову тагачаснай Беларусі.
XS
SM
MD
LG