Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 21 лістапада


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага Інтэрнэту.

У інтэрнэт-суполцы by_politics працягваюць абмяркоўваць прапановы Эўразьвязу на дэмакратызацыю Беларусі наўзамен за эканамічную падтрымку беларускай эканоміцы. На думку deeplake, прапановы нерэальныя, бо сучасная беларуская эканоміка не канкурэнтаздольная. А пры павелічэньні цэнаў на газ цэны на прадукцыю вырастуць удвая. Аўтар піша: “Праўда, Лукашэнка знайшоў для сябе выхад і без Эўразьвязу: ён возьме – і зацьвердзіць сабе цэны! Звычка жыць у віртуальнай рэальнасьці, дзе рэсурс, што ідзе з Расеі – бязьмежны, а на цэны можна паўплываць рыторыкай, бязьмежная. Беларуская бюракратыя, што зьядналася вакол Лукашэнкі, выглядае, дагэтуль ня верыць, што ўсё па-сур’ёзнаму”.

У інтэрнэт-суполцы lulu_gov_by зьявіўся новы каляж. За аснову ўзяты фатаздымак савецкіх салдатаў, якія трымаюць долу фашысцкія штандары, стоячы ў Маскве на Краснай плошчы. Замест нямецкага надпісу на пярэднім штандары надпіс “Газпром”. Фон складае фатаздымак беларускага Дому ўраду з помнікам Леніну паперадзе. У правым верхнім куце – мапа Расеі, перакрэсьленая чырвонай і зялёнай палоскамі з надпісам “Беларусь – дзяржава для народу”.

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць франтавы ліст Васіля Быкава, знойдзены нядаўна ў часе разбору старой хаты Быкавых. Ліст кароткі, датаваны 2-м красавіка 1944 году. У лісьце 19-цігадовы лейтэнант Уладзімер Быкаў адно паведамляе, што жывы і што ваюе на Ўкраіне. Камэнтары: “Ліст жа напісаны па-расейску, вось так”; “Лісты на незразумелай мове (нярускай) не прапускаліся ваеннай цэнзурай. Так што пісалі лісты толькі па-расейску”; “Быкаў не сьвяты і ў жыцьці быў часткова расейскамоўным. Але што ў гэтым такога? Перш за ўсё істотна творчасьць пісьменьніка – вось тут мова мае прынцыповае значэньне”.

Удзельнік інтэрнэт-суполкі Minsk_by Scientist_minsk распавёў пра анэкдатычны дыялёг з супрацоўніцай беларускай амбасады ў Маскве:

– Падкажыце, калі ласка, калі будуць адбывацца выбары ў мясцовыя саветы Беларусі?

– Малады чалавек, якія выбары? У Беларусі няма аніякіх выбараў!

– Я ў курсе, што ў Беларусі ўжо даўно няма аніякіх выбараў. Апошнія выбары былі ў 1994-м. Мяне цікавіць, калі будзе адбывацца чарговы фарс!?

– Добра, пачакайце.

– Добра, без праблем.

– 14 студзеня 2007 году.

Адзін з камэнтароў: “Толькі ў Маскве беларусы пачынаюць згадваць, што яны беларусы – абуджаецца НАШ гумар :))”.

На сайце “Нашыя дзеткі” абнаўленьні. Зьявіліся новыя загадкі-рыфмаванкі, вершы, слайды, абэцэды. Таксама тэксты калядак і кароткія казкі Міхася Залескага, якія можна спампаваць у фармаце MP3. Да прыкладу, казка “Цецярук”:

(Залескі: ) “Слухайце, дзеці. Сеў неяк Цецярук на бярозе. А тут яго ўгледзела Лісіца. І захацелася ёй Цецеруком паласавацца. Падыходзіць яна і кажа: “Цецярук, сядай да мяне”. Той кажа: “А чаго, кума?” – “А выйшаў па лесе загад, каб зьвярам адно аднаго не чапаць”. – “Ой, хораша, – кажа Цецярук, чуеш, вунь сабакі брэшуць!” Тут Ліса ўцякаць. “Куды ты ўцякаеш?” – “А мо яны таго ўказу не чыталі?”

* * * Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG