Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці эфэктыўны палітычна Дзень салідарнасьці?


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: журналістка, адна з ініцыятарак Дня салідарнасьці Ірына Халіп і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Белорусские новости” Кірыла Пазьняк.

(Валер Карбалевіч: ) “Кожны 16-ты дзень месяцца ў Беларусі і за мяжой ладзяцца акцыі салідарнасьці зь людзьмі, якія пацярпелі ад рэжыму, заяўляецца пратэст супраць палітычных рэпрэсіяў.

Салідарнасьці моцна бракуе беларускаму грамадзтву. Таму ідэя ладзіць кожны месяц у адзін і той жа дзень вулічную акцыю для падтрымкі рэпрэсаваных, якая зьявілася год таму, выклікала даволі шырокі рэзананс у асяродку дэмакратычнай супольнасьці. Прайшоў год. Як можна сёньня ацаніць гэты праект? Ці даў ён плён, на які разьлічвалі напачатку? Ці набывае ён моц, ці наадварот — ідзе на спад?”

(Ірына Халіп: ) “Я спачатку нават не магла ўявіць, наколькі плённай стане гэтая акцыя. Мы не разьлічвалі на такі рэзананс, асабліва міжнародную падтрымку. Мы задумвалі акцыю як імкненьне маральна падтрымаць адзін аднаго, як форму салідарнасьці з пацярпелымі людзьмі й іхнымі сваякамі. Спачатку мы проста прапаноўвалі выключаць сьвятло й выстаўляць у вокны запаленыя сьвечкі.

Цяпер акцыя праводзіцца па ўсёй Эўропе. У Осьлё парлямэнтары ладзяць шэсьце з паходнямі. У Варшаве зьяўляюцца намётавыя гарадкі каля беларускай амбасады. У Вашынгтоне кангрэсмэны й сэнатары ўдзельнічаюць у пікеце каля амбасады Беларусі. Цяпер акцыя жыве як самастойны арганізм і мала залежыць ад арганізатараў. І гэта пазытыўны вынік”.

(Карбалевіч: ) “Вы больш казалі пра акцыі ў замежжы.А вось ці яна разьвіваецца ў Беларусі?”

(Халіп: ) “Тут таксама акцыя разьвіваецца. Спачатку яна была хатняя. Потым людзі пачалі выходзіць на плошчы ў гарадах Беларусі, ішлі да расейскай амбасады. Міліцыянты пачалі іх спыняць. Потым колькасьць затрыманых стала вымярацца дзясяткамі. І гэта таксама сьведчыць пра плённасьць акцыі”.

(Кірыла Пазьняк: ) “Дзень салідарнасьці пераўтварыўся ў звычайную камэрную апазыцыйную акцыю. Ідэя выключаць сьвятло ў кватэрах узятая з досьведу польскай “Салідарнасьці”. Як ацаніць акцыю з гледзішча палітычнай плённасьці й тэхналягічнасьці? Арганізатары лічаць яе пасьпяховай. Але сьвечак у вокнах менскіх кватэр зусім не багата. Гэтая надта аптымістычная справаздачнасьць ідзе на шкоду апазыцыі. Арганізатары акцыі “Ланцуг неабыякавых людзей” больш адэкватна ацэньваюць яе. Яны не імкнуцца надаць ёй агульнанацыянальнага маштабу.

Акцыі 16-га дня кожнага месяца больш актыўна праводзяцца ў замежжы. Калі на платах і слупах пішуць лічбу 16 — шмат каму няўцям, што яна азначае. Дарэчы, тое ж з ідэяй 19 сакавіка сабрацца на плошчы Каліноўскага. Няшмат людзей ведала, што апазыцыя перайменавала плошчу”.

(Халіп: ) “Не магу згадзіцца з такой ацэнкай. Зразумела, ня ўсе людзі разумеюць лічбу 16 на плоце. Але гэта праблема адсутнасьці інфармацыі ў Беларусі. Памятаю, як некалі я ўдзельнічала ў акцыі “Ланцуг неабыякавых людзей”, стаяла з партрэтам Красоўскага. Людзі падыходзілі, пыталіся “Хто гэта?” Высьвятлялася, што людзі ня ведаюць пра зьніклых палітыкаў, палітычных вязьняў”.

(Пазьняк: ) “Пачыналася акцыя з запальваньня сьвечак, потым яны перайшла на вуліцы. Гэта сьведчаньне таго, што арганізатары дзеля справаздачнасьці шукаюць добрай ілюстрацыі”.

(Халіп: ) “Не, арганізатары нічога не шукаюць. Такі пераход мы плянавалі з самага пачатку. Мы імкнуліся падрыхтавацца да сакавіцкіх падзеяў. Бо толькі вуліца можа зьмяніць сытуацыю ў Беларусі. Для беларускага грамадзтва больш зразумелыя формы негвалтоўнага супраціву, чым нейкія радыкальныя акцыі”.

(Карбалевіч: ) “Ці можна падыходзіць да гэтага праекту з гледзішча палітычнай эфэктыўнасьці? Магчыма, да маральнага супраціву нельга ўвогуле падыходзіць з такімі крытэрамі? І зь іншага боку, якія акцыі дэмакратычных сілаў можна адзначыць як эфэктыўныя?”

(Пазьняк: ) “Сапраўды, эфэктыўных апазыцыйных акцыяў небагата. Праблема ў тым, што арганізатары акцыяў апавядаюць пра іх пасьпяховасьць, а вось самі ўдзельнікі акцыяў лічаць па-іншаму. Таму трэба быць больш аб’ектыўнымі й крэатыўнымі”.

(Карбалевіч: ) “Чаму ў беларускім грамадзтве бракуе салідарнасьці? Прычым, нават сярод дэмакратычнай супольнасьці. Напрыклад, камітэт у абарону рэпрэсаваных “Салідарнасьць” вылучае патрабаваньне вызваліць толькі чатырох-пяцёх “сваіх” палітзьняволеных, хоць іх на сёньняшні дзень у краіне дзесяць. А Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) патрабуе вызваленьня найперш свайго лідэра Казуліна. Чаму так адбываецца?”

(Халіп: ) “Здаецца, праблема ў тым, што палітычныя партыі моцна лабіююць свае партыйныя інтарэсы на шкоду агульнадэмакратычным інтарэсам. А ў таталітарнай сыстэме партыям увогуле няма месца. Вось “Рух за свабоду” — больш пэрспэктыўная мадэль”.

(Карбалевіч: ) “Вы апавялі, што людзі ня ведалі пра зьніклых палітыкаў. Але паводле незалежных сацыялягічных апытаньняў каля паловы насельніцтва ведае пра зьніклых, пра зьняволеньне Казуліна. Але на вуліцы выходзіць толькі некалькі дзясяткаў людзей. Чаму?”

(Халіп: ) “Гістарычныя падзеі ніколі не рухала большасьць. Гэта заўсёды вынік дзейнасьць кваліфікаванай меншасьці. Таму мяне не палохае невялікая колькасьць людзей на акцыях. Быў моцны ўздым сёлета ў сакавіку. І гэта можна паўтарыць”.

(Пазьняк: ) “Салідарнасьць — актыўнае спачуваньне пэўным пазыцыям і дзеяньням. Паколькі ў апазыцыі існуюць рознагалосьсі, то і няма кансалідацыі. Чаму народ не выходзіць на акцыі? Па-першае, людзей заклікаюць да палітычнай салідарнасьці, а гэта адштурхоўвае людзей. Тым больш, што трэба выступаць супраць прэзыдэнта. Па-другое, беларусы — людзі прагматычныя, для іх кожная акцыя павінна мець практычны сэнс”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, ідэя актывізацыі беларускага грамадзтва дзеля салідарнасьці вельмі высакародная. І каб гэтая кампанія 16-га дня кожнага месяца прывяла да рэальных зьменаў у краіне, патрэбна яшчэ шмат высілкаў розных людзей і арганізацыяў, патрэбны псыхалягічны пералом у масавай сьвядомасьці. І энтузіязму, ахвярных дзеяньняў актывістаў пакуль недастаткова”.
XS
SM
MD
LG