Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча можа дазволіць працу замежнікаў на спрошчаных умовах


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польшча мае намер скарыстацца з досьведу Нямеччыны і дазволіць большай колькасьці грамадзянаў з краінаў-усходніх суседак, у тым ліку й Беларусі, працаваць у сябе на спрошчаных умовах.

Паводле розных падлікаў, цягам мінулых двух гадоў з Польшчы ў тыя краіны Заходняй Эўропы, дзе ім цяпер не патрэбны дазвол на працу, выехалі ад аднаго да двух мільёнаў палякаў. Страта для рынку працы адчувальная.

“Цяжка. Не хапае людзей на кухні, афіцыянтаў. Год таму, калі давала аб’яву, што шукаю супрацоўнікаў, тэлефон званіў увесь час. Цяпер не магу знайсьці памочніка на кухню”, – кажа пані Агата, уладальніца адной з варшаўскіх рэстарацыяў.

Рабочыя рукі патрэбныя перадусім у будаўніцтве, лёгкай прамысловасьці, сельскай гаспадарцы і сфэры паслугаў. Цяперашні парадак запрашэньня замежнікаў на працу, паводле адмыслоўцаў, занадта складаны.

“Па-першае, за дазвол трэба плаціць – каля трохсот даляраў. Месяц чаканьня, пакуль ня знойдзецца такі спэцыяліст-паляк. А яшчэ паездкі – дакумэнты афармляюцца толькі ў ваяводзкім цэнтры”, – гаворыць Анджэй Новак зь фірмы, што займаецца пошукам спэцыялістаў у краінах СНД.

У такой сытуацыі Міністэрства працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы мае намер высьветліць, колькі адмыслоўцаў і якіх прафэсіяў патрабуюць польскія фірмы, і ў адпаведнасьці з гэтымі патрэбамі дазволіць такой колькасьці замежных грамадзянаў працаваць у Польшчы безь бюракратычных перашкодаў.

Паводле Сяргея з Гарадзеншчыны, які працуе ў Варшаве на будоўлі, гэта магло б заахвоціць беларусаў, але пакуль што пра палёгкі ў працаўладкаваньні нічога невядома.

“Тут на працы інфармацыя самая розная зьяўляецца. Але пакуль ніхто нічога ня ведае, так што і я канкрэтна сказаць нічога не магу”, – сказаў беларускі будаўнік.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG