Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікая Брытанія: Аляксандра Літвіненку атруцілі таліем


Юры Дракахруст, Прага Былы афіцэр расейскай спэцслужбы, які жыве ў Вялікай Брытаніі, крытык прэзыдэнта Пуціна Аляксандар Літвіненка 1 лістапада быў атручаны ядам таліем. Шмат экспэртаў падазраюць, што да атручваньня Літвіненкі прычынныя расейскія спэцслужбы.

Дактары даюць толькі 50 працэнтаў на тое, што Літвіненка наагул выжыве. За лічаныя дні ён аблысеў, стан яго здароўя вельмі цяжкі. Дактары канстатуюць цяжкое атручэньне таліем. Талій – цяжкі мэтал, высокатаксычная атрута. 1 грам талію – сьмяротная доза для чалавека: трапляючы ў чалавечы арганізм, ён выклікае захворваньне страўніка, аблысеньне, у цяжкіх выпадках – полінэўрыт, псыхічныя захворваньні, страту зроку.

Ва ўчорашнім інтэрвію Радыё Свабода Літвіненка са шпітальнага ложка расказаў пра абставіны атручэньня:

(Літвіненка: ) “На мяне выйшаў чалавек і прапанаваў сустрэцца, каб перадаць інфармацыю, у тым ліку і пра людзей, якія забілі Паліткоўскую. Гэта было 1-га лістапада. Я сустрэўся з гэтым чалавекам у рэстарацыі, ён перадаў мне гэтыя паперы, і празь некалькі гадзінаў мне стала кепска. У мяне здарылася цяжкое атручэньне. Цяпер я знаходжуся ў шпіталі. У тых дакумэнтах, якія я прагледзеў, названа імя чалавека, які, магчыма, забіў Анну Паліткоўскую. Гэта афіцэр расейскіх спэцслужбаў, які дзейнічае на Каўказе”.

У лістападзе 1998 году афіцэр контравыведкі ФСБ Расеі Аляксандар Літвіненка выступіў на прэсавай канфэрэнцыі, на якой расказаў пра загад забіць палітыка і прадпрымальніка Барыса Беразоўскага. Супраць Літвіненкі была заведзеная крымінальная справа. У 2000 годзе ён здолеў пакінуць Расею і перабрацца ў Вялікую Брытанію, дзе затым атрымаў палітычны прытулак.

Былы афіцэр спэцслужбы стаў жорсткім крытыкам сёньняшніх расейскіх уладаў, напісаў кнігу “ФСБ падрывае Расею”, дзе даказваў, што выбухі дамоў у Маскве у 1999 годзе, якія сталі падставай другой чачэнскай вайны, былі арганізаваныя расейскімі спэцслужбамі.

Шмат назіральнікаў і экспэртаў мяркуюць, што Аляксандар Літвіненка быў атручаны расейскімі спэцслужбамі. Вось толькі загалоўкі некаторых артыкулаў, якія зьявіліся гэтымі днямі ў заходнім друку: “Washington Post” – “Палітычная атрута. Хіба гэта супадзеньне, калі ворагі Ўладзімера Пуціна працягваюць глытаць атруту?”,

“Gardian” – “Розныя назвы – аднолькавая тактыка: як ФСБ узяла ў спадчыну тактыку КДБ?”,

“Independent” – “Трывожны напамін пра савецкае мінулае”.

Назіральнікі прыгадваюць практыку палітычных забойстваў савецкіх спэцслужбаў: Леў Троцкі, Сьцяпан Бандэра, баўгарскі дысыдэнт Георгі Маркаў, які быў атручаны рыцынам і шмат іншых. Прыгадваюць і загадкавае залеташняе атручэньне рыцынам тагачаснага кандыдата ў прэзыдэнты Ўкраіны Віктара Юшчанкі.

Былы рэзыдэнт савецкага КДБ у Лёндане, які у 1985 годзе перайшоў на бок Захаду, Алег Гардзіеўскі ўпэўнены, што Літвіненку атруцілі расейскія спэцслужбы на загад Крамля.

(Гардзіеўскі: ) “Літвіненка атрымаў шмат пагрозаў ад КДБ за 4 гады. І ён заўсёды чакаў атакі з боку КДБ – ні ад кога іншага. А па-другое, гэта ж атрута КДБ, вы ж ня зможаце купіць талій у аптэцы. Гэта была тыповая апэрацыя КДБ – высачыць, вызначыць кола сяброў, арганізаваць сытуацыю. Кожны тыдзень у “Чачэн-прэс” зьяўляліся вострыя нападкі Літвіненкі на Пуціна і ФСБ. Акрамя таго, ён зрабіў некалькі вострых заяваў пра Пуціна ў інтэрвію польскім журналістам. Гэта ўжо кампанія: Анну Паліткоўскую забілі, былога прэзыдэнта Чачэніі забілі за мяжой, тут яны амаль забілі Літвіненку. Шчакачыхін быў атручаны летась. Зразумела, гэта кампанія супраць дысыдэнтаў”.

Расейскія спэцслужбы рашуча адхіляюць абвінавачаньні, служба замежнай выведкі Расеі выступіла з адмысловай заявай, у якой адмаўляе сваю прычыннасьць да атручэньня. Прадстаўнікі расейскай улады выказваюць меркаваньне, што Літвіненка мог быць атручаны на загад апальнага расейскага алігарха Барыса Беразоўскага, які таксама мае палітычны прытулак у Вялікай Брытаніі.
XS
SM
MD
LG