Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці дапушчальна караць дзяцей фізычна?


Любоў Лунёва, Менск Менская пракуратура сёлета накіравала ў суды 40 крымінальных справаў, распачатых за гвалт над дзецьмі. Летась такіх справаў было 62. Супрацоўнікі пракуратуры лічаць, што далёка не пра ўсе выпадкі ведаюць праваахоўчыя органы. Часам празь зьдзекі дзеці канчаюць самагубствам. У Менску працуе дзіцячая гарачая лінія — псыхолягі праз тэлефон супакойваюць падлеткаў, каб прадухіліць трагедыі. Ці можна дзеля выхаваньня ўжываць фізычную сілу да дзяцей? На гэтае пытаньне адказвалі дарослыя й самі дзеці на менскіх вуліцах.

(Жанчына: ) “Думаю, што не, ну, менавіта, лупцоўку правесьці… Можа, калі-небудзь даць па карку”.

(Мужчына: ) “Нельга, бо гэта псыхалягічна ломіць дзіця”.

(Жанчына: ) “Вядома, калі ён зробіць такі ўчынак, які цяжка сабе ўявіць, то трэба пакараць, бо, калі не пакараеш, то дзеці могуць потым на галаву сесьці. Некаторыя ж бацькі, як паслухаеш, могуць скалечыць дзіця так, што й сінякі могуць быць”.

(Мужчына: ) “Ніколі! Толькі працай, ласкай”.

(Бабуля з маленькім унукам: ) “Мы выключна сымбалічна пляскаем. Праўда, ён у адказ пачынае плявацца”.

(Жанчына з калыскай: ) “Ну, пляснуць можна, але не па карку, не штурхаць, ня біць рэменем ці дубінай, як я ведаю, шлянгамі б’юць...”

(Настаўніца: ) “Гэта ня вельмі добра. Гэта прыніжае дзіця. Я, калі была студэнткай, працавала ў лягеры дзіцячага дому. Нікога не ўдарыла. Усе хуліганы мяне слухаліся і былі мае першыя памочнікі. Ён жа адчувае сябе чалавекам. Як жа можна зьневажаць?”

(Жанчына: ) “Нельга ніколі фізычна ўзьдзейнічаць на чалавека, і на маленькага таксама. Ну, можа, эмацыйна ўдарыць па карку, але каб не зрабіць кепска”.

(Малады мужчына: ) “Не. Кожны бацька сам вырашае, але ня трэба. Хаця на практыцы бывае, што плясьнеш, бо дзіця толькі гэтым і можна супакоіць. Часам дзеці бываюць такія хуткія. Па карку біць нельга. Лепш пляснуць па азадку або штурхнуць за руку”.

(Школьнік: ) “Не, таму што гэта нясправядліва. Калі няма за што, то ня трэба яго біць. А калі ён гэтага заслугоўвае, то пару разоў...”

(Карэспандэнтка: ) “Калі ён гэтага заслугоўвае?”

(Школьнік: ) “Ну, калі ён будзе дражніцца на тату, то тата можа яму даць рэменя, але не па карку”.

(Вучань 3 клясы: ) “Я лічу, што ня трэба біць дзіця па карку, бо, калі бацька не разьлічыць сваёй сілы, то можа й забіць, а рэменем пару разоў, я думаю, што можна, калі ня слухаецца”.

(Хлопчык: ) “Я лічу, што калі сын абразіў бацьку, то той можа даць яму па галаве, ці нешта такое, але рэменем – гэта жорстка”.

(Вучань 4 клясы: ) “Думаю, што рэменем пабіць яшчэ можна, а на гарох ставіць – гэта балюча”.

(Мужчына: ) “Калі дзіця правінілася, то абавязкова трэба пакараць... Ну, рэменем. Навошта па карку? Старым дзедавым мэтадам – на дварэ дубец ёсьць”.

(Жанчына: ) “Я дык магу й рукой пляснуць. Чаму не, калі ён не разумее?”
XS
SM
MD
LG