Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчыма пазбавіцца нітратаў?


Іна Студзінская, Менск Упершыню пра небясьпеку нітратаў у Савецкім Саюзе загаварылі ў 1970-я гады, калі ва Ўзбэкістане здарылася некалькі масавых страўнікава-кішачных атручэньняў кавунамі з-за празьмернага іх паджыўленьня аміячнай салетрай. У 1990-я ў Беларусі модна было правяраць садавіну й гародніну на нітраты. Прамысловасьць выпускала даволі простыя прылады для праверкі харчоў. Але, як і з радыянуклідамі, хутка ўсё заціхла. Вось цяпер выпадак на Магілёўшчыне: забракавана 1900 тонаў бульбы й морквы. Як ацэньваюць гэта адмыслоўцы — ці можна перапрацоўваць такую гародніну, ці будуць прадукты перапрацоўкі бясьпечныя, высьвятляла наша карэспандэнтка.

Перавышэньне ўзроўню нітратаў магчымае ня толькі з-за вялікай колькасьці ўгнаеньняў. Назапашваньню нітратаў спрыяюць умовы надвор’я, сьцьвярджае дырэктар Інстытуту глебазнаўства й аграхіміі Акадэміі навук, доктар сельскагаспадарчых навук Віталь Лапа. Сёлета менавіта для бульбы й морквы надвор’е было неспрыяльнае: спачатку суха, потым занадта вільготна.

У некаторых выпадках магчымая прамысловая перапрацоўка гародніны зь перавышэньнем нормы нітратаў, але адносна вырабу з морквы соку прафэсар Віталь Лапа выказаў такое меркаваньне:

(Лапа: ) “У дадзеным выпадку выклікае асьцярогу тое, што морква найчасьцей ідзе на дзіцячае харчаваньне, для вытворчасьці соку. Таму для такой морквы перапрацоўка недапушчальная. Што да бульбы, усё залежыць ад таго, куды гэтая бульба пойдзе. Калі для дзіцячага харчаваньня — то гэта зноў жа недапушчальна. Калі для прамысловай перапрацоўкі, то гэта магчыма, таму што зразаецца лупіна, на верхняй частцы клубня канцэнтруецца найбольшая частка нітратаў. Па ачышчэньні большая частка нітратаў выдаляецца, пры тэрмічным апрацоўваньні — таксама. Але для дзіцячага харчаваньня, паўтару, гэта недапушчальна. А я мяркую, што забракавалі менавіта згодна з гэтым крытэрам”.

Загадчыца аддзелу харчаваньня Рэспубліканскага цэнтру гігіены й эпідэміялёгіі Анжэла Скурановіч, санітарны лекар з адукацыі, запэўніла:

(Скурановіч: ) “Натуральна, калі ёсьць перавышэньне нітратаў, ніхто з маіх калегаў ніколі ў жыцьці не напіша, што можна гэтую гародніну накіраваць на перапрацоўваньне для дзіцячага харчаваньня. Тут у нас вельмі строгія законы. Канечне, проста закапаць гэтую прадукцыю, калі можна яе перапрацаваць — ніхто на гэта ня пойдзе. Ёсьць шмат тэхналёгіяў прамысловай перапрацоўкі, калі пры пэўных парамэтрах можна зьнізіць утрыманьне нітратаў. Але на дзіцячае харчаваньне гэта дакладна ня пойдзе”.

Доктар сельскагаспадарчых навук, член-карэспандэнт Акадэміі навук Іван Нікітчанка, які шмат гадоў займаецца бясьпекай харчоў, даволі скептычна выказваецца пра сучасныя тэхналёгіі перапрацоўваньня сыравіны з павышаным утрыманьнем нітратаў.

(Нікітчанка: ) “Нітраты застаюцца. Гэта хімічныя рэчывы — хімія, нежывое. Калі жывое, біялягічныя рэчывы, то яны на працягу нейкага часу распадаюцца. Рэч яшчэ ў тым, што ўгнаеньні як такія патрабуюць, каб было ўсё збалянсавана. Хімічныя ўгнаеньні даюць эфэкт толькі тады, калі дастаткова гумусу ў глебе. А ў нас цяпер паўсюль не хапае яго. Таму рэчывы хімічныя ідуць не на карысьць, а на шкоду. Маса набіраецца, але гэтай гародніны есьці нельга”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG