Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі Літвы й Польшчы — пра новую стратэгію Эўразьвязу


Алесь Дашчынскі, Менск У амбасадзе Літвы ў Беларусі адбыўся сэмінар, прысьвечаны 15-годзьдзю супрацоўніцтва Літвы й Польшчы. Апроч літоўска-польскіх дачыненьняў, на ім закраналіся й пытаньні дачыненьняў зь Беларусьсю. Улічваючы, што ў гэты ж дзень у Менску прэзэнтавалі новую стратэгію Эўразьвязу адносна Беларусі, наш карэспандэнт папрасіў удзельнікаў польска-літоўскай сустрэчы выказацца на гэтую тэму.

Як да прапанаванай стратэгіі ставіцца літоўскі бок? Часовы павераны ў справах Літвы ў Беларусі Марыюс Януконіс патлумачыў:

(Януконіс: ) “Вядома, мы падтрымліваем гэтую стратэгію, бо яна распрацоўвалася ўсімі краінамі Эўразьвязу, у тым ліку Літвой. У нас у гэтым пытаньні нейкай асобнай пазыцыі няма. Мы частка Эўразьвязу, і разам зь іншымі краінамі мы падалі гэты дакумэнт — і будзем чакаць рэакцыі. У ёй абазначана даволі выразная пазыцыя Эўразьвязу адносна далейшага разьвіцьця дачыненьняў зь Беларусьсю, і тыя пазытыўныя моманты, якія Беларусь магла б атрымаць. Як будзе ажыцьцяўляцца гэта стратэгія — пабачым. Мы спадзяемся на лепшае”.

Намесьнік кіраўніка літоўскага Інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Ёнас Даніляўскас заявіў:

(Даніляўскас: ) “Эўрапейская стратэгія — гэта адначасова і стратэгія Літвы. Яе эфэктыўнасьць залежыць ад двух фактараў: актыўнасьці Эўразьвязу, асобных яго сяброў, і тут Літва як суседка можа быць больш актыўная, чым іншыя краіны. Другая важная дэталь эфэктыўнасьці — гэта пазыцыя самой Беларусі (ня толькі ўладаў, але і ўсёй грамадзкасьці) што да гатовасьці прыняць прапановы Эўразьвязу. Калі беларускі бок будзе скептычна ці пасіўна ставіцца, тады й эўрапейскія і літоўскія намаганьні нешта зрабіць у Беларусі нічога ня зьменяць. Калі беларускі бок ня будзе разам працаваць у тым кірунку”.

Часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Аляксандар Васілеўскі таксама заявіў, што Польшча ня будзе мець асобнай пазыцыі адносна Беларусі:

(Васілеўскі: ) “Гэта пазыцыя Эўразьвязу — і тут няма іншай стратэгіі маёй краіны. Цяжка сказаць пра яе эфэктыўнасьць. Гэта залежыць ад двух бакоў — Эўразьвязу і Беларусі. Я думаю, што трэба ісьці на супрацоўніцтва й шукаць кампрамісаў. Мы ня толькі партнэры, але й суседзі. Мы зьвязаныя гістарычнымі й чалавечымі кантактамі. Гэта павінна быць асновай для супрацоўніцтва. Рэалізацыя гэтай праграмы будзе спрыяць абмену й шырокамаштабнаму супрацоўніцтву паміж Польшчай і Беларусьсю”.
XS
SM
MD
LG