Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Б.Фэрэра-Вальднэр: “Мы накіравалі пасланьне беларускаму народу”


Радыё Свабода Выступаючы ў Брусэлі, камісар ў пытаньнях замежных дачыненьняў і палітыкі добрасуседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр адзначыла, што, выходзячы са сваімі прапановамі, Эўразьвяз не спадзяецца на зьмену аўтарытарнай палітыкі Аляксандра Лукашэнкі.

Фэрэра-Вальднэр адзначыла, што пакет прапановаў, дачынных палітыкі добрасуседзтва, накіроўваецца беспасярэдне беларускаму народу. Дакумэнт мае быць распаўсюджаны няўрадавымі арганізацыямі і незалежнымі мэдыямі.

(Фэрэра-Вальднэр: ) “Мы накіравалі сёньня пасланьне беларускаму народу. Вельмі важна адзначыць наступнае: мы тлумачым беларусам, што прапануем краіне, калі зьменіцца палітыка ўладаў”.

Фэрэра-Вальднэр дадала: “народ Беларусі мае права ведаць, што ён траціць з прычыны палітыкі сваіх уладаў, накіраванай на самаізаляцыю краіны”. Пры гэтым яна дадала, што Эўразьвяз ня мае намеру сілавым шляхам адхіляць Лукашэнку ад ўлады, але хацеў бы, каб беларускі народ сам зрабіў сьвядомы выбар і выбраў дэмакратыю ды вяршэнства закону, як гэта зрабіла Ўкраіна.

Паводле новай стратэгіі, выкладзенай у 12 пунктах, Эўразьвяз гатовы адчыніць свае рынкі для беларускіх тавараў, выдзеліць фінансавую дапамогу беларускім фірмам, спрасьціць візавы рэжым. Дзеля гэтага афіцыйны Менск павінен спыніць перасьлед апазыцыі, вызваліць палітвязьняў, расьсьледаваць зьнікненьне палітыкаў, а таксама правесьці свабодныя выбары.

Паводле прадстаўнікоў Брусэлю, у 2007 – 2013 гадох у рамках стратэгіі добрасуседзтва Эўразьвяз выдзеліць суседнім краінам каля 12 мільярдаў эўра дапамогі.

На думку кіраўніка эўрапарлямэнцкай дэлегацыі ў пытаньнях дачыненьняў зь Беларусьсю Богдана Кліха, прапановы Эўракамісіі – гэта “палітычны маніфэст”, які накіроўваецца кожнаму звычайнаму беларусу. Дзякуючы гэтаму “беларускія грамадзяне будуць ведаць, якую карысьць будзе мець краіна, калі зьменіць сваю палітыку”. На думку Багдана Кліха, дакумэнт сьведчыць аб зьмене ўсходняй палітыкі Эўразьвязу, у прыватнасьці Нямеччыны, якая ў часе свайго старшынёўства ў Эўразьвязе (ад сярэдзіны наступнага году) зьверне большую ўвагу на сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG