Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

33-ці дзень галадоўкі Аляксандра Казуліна


Алег Грузьдзіловіч, Менск Жонка Аляксандра Казуліна атрымала з калёніі зьвесткі пра мужава здароўе, але інфармацыі па-ранейшаму мала. Тым часам працягваюцца эстафэтныя галадоўкі салідарнасьці з палітыкам.

Ірына Казуліна паведаміла зьвесткі пра стан здароўя свайго мужа, які галадае ўжо 33-ці дзень:

(Казуліна: ) “Тэлефанавала да намесьніка начальніка калёніі. Аляксандар важыць 73 кіляграмы, ціск у яго 90 на 60. Гэта заніжаны ціск, але яшчэ не крытычны”.

Паводле Ірыны Казулінай, больш зьвестак пра здароўе мужа ў калёніі не паведамляюць. Яна непакоіцца, ці атрымае муж патрэбную дапамогу, калі яго здароўе рэзка пагоршыцца. Калі ж палітык наважыцца выйсьці з галадоўкі, Ірына Казуліна зьбіраецца падрыхтаваць для яго адмысловыя кашы, аўсяны кісель і садавіну з гароднінай. Усё гэта Ірына Казуліна хацела б перадаць у калёнію 25 лістапада, на дзень нараджэньня Аляксандра Казуліна. Сваякі й сябры зьбіраюць для яго таксама цёплыя рэчы й кнігі.

Тым часам працягваюцца эстафэтныя галадоўкі салідарнасьці з былым кандыдатам на пасаду прэзыдэнта. Паводле прэсавай службы Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады), у галадоўцы ўзялі ўдзел болей за пяцьдзясят чалавек. Галадоўка праходзіць у Менску, Берасьці, Горадні, Белаазёрску, яе падтрымалі актывісты ў сталіцы Польшчы й ва ўкраінскім горадзе Ковелі.

Сёньня скончылі ўдзел у акцыі дочкі Казуліна Вольга й Юлія — дзяўчаты галадалі з 18 лістапада. Юлія Казуліна сказала для “Свабоды”:

(Казуліна: ) “Я разумею, што гэтыя тры дні ў параўнаньні з 33-ма днямі галадоўкі таты — нішто. Але я мяркую, што мы ўсё ж неяк яго маральна падтрымалі”.

Эстафэту галадоўкі ў дачок Казуліна перанялі актывістка ягонага перадвыбарчага штабу Раіса Міхайлоўская й прэсавы сакратар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Натальля Валакіда. Раіса Міхайлоўская расказала пра акцыю “Дашлі паштоўку Казуліну”, якая, паводле яе словаў, праходзіць актыўна:

(Міхайлоўская: ) “Ведаю, што людзі актыўна пішуць. Мне тэлефануюць, каб даведацца адрас Казуліна, яшчэ адрас вісіць на нашым сайце. Мяркую, гэтыя паштоўкі яго таксама падтрымаюць”.

Адвакат Казуліна Ігар Рынкевіч атрымаў з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў адказ на скаргу адносна забароны бачыцца з Казуліным у калёніі. Паводле міліцыянтаў, бачыцца са сваім адвакатам Казуліну нельга з-за лекараў.

(Рынкевіч: ) “Маўляў, Казулін цяпер ледзь не пад ручку ходзіць з доктарам, канфідэнцыйнасьці мы забясьпечыць вам ня можам, таму й няма сэнсу ў вашых сустрэчах. Дзіўная лёгіка!”

Адвакат зьбіраецца абскардзіць гэтае рашэньне ў вышэйшай інстанцыі. Ігар Рынкевіч кажа, што яму трэба тэрмінова сустрэцца з Аляксандрам Казуліным для падрыхтоўкі дакумэнтаў у сувязі зь ягонай справай. У прыватнасьці, плянуецца падаць заявы аб завядзеньні крымінальных справаў супраць службовых асобаў, якія, як мяркуе Казулін, арганізавалі яго незаконны перасьлед.

* * * Былы кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін быў асуджаны на пяць з паловай гадоў зьняволеньня – суд у Менску падічыў яго вінаватым у хуліганстве й арганізацыі вулічных беспарадкаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Палітык мяркуе, што зь ім паквіталіся за апазыцыйную дзейнасьць.
XS
SM
MD
LG