Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдаты ад Партыі БНФ прэзэнтуюць сацыяльную праграму (абноўлены)


Радыё Свабода Сёньня кіраўніцтва Партыі БНФ расказала пра стратэгію падчас агітацыі за кандыдатаў на студзеньскіх выбарах у мясцовыя саветы. Партыйныя лідэры апавялі пра перасьлед актывістаў Фронту, якія ўваходзяць у склад 138 ініцыятыўных групаў, зарэгістраваных Цэнтравыбаркамам.

Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка паведаміў: кожны з кандыдатаў ад партыі ў наступныя месяцы будзе прэзэнтаваць уласную сацыяльную праграму ў сваім раёне.

(Вячорка: ) “Паводле рашэньня аб’яднаных дэмакратычных сілаў, паводле рашэньня Палітычнай рады мы ўсе разам уступілі ў кампанію мясцовых выбараў з галоўнай мэтай — мабілізацыі й інфармаваньня беларускага грамадзтва напярэдадні сур’ёзных сацыяльна-эканамічных падзеяў, якія прагназуюцца ў наступным годзе. Мы даносім да грамадзтва фактычна па ўсёй тэрыторыі Беларусі аднолькавае, уніфікаванае пасланьне — “Шлях да свабоды”, і зьбіраем пад гэтым пасланьнем подпісы грамадзянаў”.



Цяпер вядзецца збор подпісаў за будучых кандыдатаў. Паводле заканадаўства, патрабуецца 150 подпісаў у саветы рангу абласнога альбо менскага гарадзкога, аднак кіраўніцтва партыі пастанавіла сабраць удвая больш — па 300 подпісаў.

Колькасьцю зарэгістраваных ініцыятыўных групаў і кандыдатаў цяперашняя кампанія істотна саступае папярэдняй — тады лічбы былі ў разы большыя. Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч тлумачыць гэта ціскам дзяржавы на дэмакратычных кандыдатаў.

(Івашкевіч: ) “На гэтыя лічбы наўпрост уплывае масіраваны ўціск з боку дзяржавы. Вялікая колькасьць сябраў Фронту займае паважныя пасады — кшталту галоўнага хірурга раёну (ня буду ўдакладняць, якога). Людзі, якія займаюць сацыяльна значныя пасады, несумненна, былі б лідэрамі на мясцовых выбарах, бо іх выдатна ведаюць якраз мясцовыя жыхары.

Але перад усімі імі паўставала дылема, агучаная чыноўнікамі: ці ідзеш на выбары і выганяем з працы, ці застаесься на працы, а мы заплюшчваем вочы на тое, што ты сябра БНФ. Але толькі не падстаўляй нас, мясцовую вэртыкаль, пад рэпрэсіі вышэйшай вэртыкалі з-за таго, што ў нас зьявіліся такія кандыдаты”.

Грамадзкая актыўнасьць многім ужо каштавала месца працы ці вучобы. У Клецкім раёне страціла працу маладая настаўніца Іна Кебікава, у Рэчыцы — актывісты Партыі БНФ Валер Пуціцкі й Канстанцін Баеў, у Менску — Алесь Лаўрыновіч. У БДУ студэнты былі наўпрост папярэджаныя: удзел у кампаніі будзе каштаваць ім вучобы.

Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі Цэнтравыбаркаму, Партыя БНФ зарэгістравала 138 ініцыятыўных групаў і 132 кандыдатаў. Рознасьць у лічбах кіраўніцтва партыі патлумачыла тым, што некаторыя кандыдаты балятуюцца адразу ў некалькіх выбарчых акругах.
XS
SM
MD
LG