Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Няшчаснае каханьне, дык абавязкова трэба выпіць якога мэзыму ці валідолу”


Любоў Лунёва, Менск У лістападзе рэзка падвышаецца колькасьць пацыентаў “хуткай дапамогі”. Мэдыкі тлумачаць, што ў гэты пэрыяд колькасьць насельніцтва Менску павялічваецца. Шмат каго зь іх дзеці забіраюць да сябе ў горад з вёсак і лецішчаў. Бальшыня пацыентаў “хуткай дапамогі” – людзі сталага ўзросту. Гэтымі днямі ў шпіталях не хапае месцаў – людзі ляжаць на калідоры, а брыгады мэдыкаў кожную хвіліну едуць на выклік. Пры гэтым нярэдка мэдыкі церпяць ад пацыентаў. Так днямі п’яны жыхар Гомеля зьбіў супрацоўніцу “хуткай дапамогі”. Зь цяжкай траўмай галавы лекарка знаходзіцца ў адзьдзяленьні нэўрахірургіі вабласнога шпіталю.

Сёньня ў прыёмным пакоі дзяжурыць доктарка Алена Белановіч. Яна распавяла "Свабодзе":

(Белановіч:) “У цяжкіх выпадках, калі брыгада хуткай дома ў пацыента выявіла інфаркт, інсульт, альбо ў пацыента шок, то такога чалавека прымае брыгада прыёмнага пакою і рэанімацыйная брыгада і працуюць яны разам з брыгадай хуткай. Усё робіцца ў прыёмным пакоі”.

На маіх вачах мэдыкі пад рукі выводзяць з машыны мужчыну. Пазьней, у часе агляду пацыент жартуе.

(Мужчына:) “Якая неабходнасьць хадзіць па дактарах. Надакучваць? Я яшчэ не зусім стары. Мне ўсяго 65 гадоў, Божухна, калі ўжо й не пасьмяяцца, то можна й тварам уніз”.

Яшчэ адзін спадар сталага веку сядзіць у прыёмным пакоі моўчкі. Побач зь ім — ягоная дачка:

(Жанчына:) “Мы выклікалі хуткую і яна адразу ж прыехала… Кепская кардыяграма”.

Доктарка брыгады дапамогі распавядае, што за час працы на “хуткай” шмат чаго ўбачыла. Мэдыкі заўсёды просяць зачыніць ад іх хатніх жывёлаў: калі сабакі часам кусаюцца, то каты вельмі цікаўныя і лезуць у сакваяж, дзе ляжаць лекі і стэрыльныя бінты. Лекары бываюць сьведкамі жыцьцёвых драмаў, напрыклад, калі дзяўчынка з-за няшчаснага каханьня напілася пігулак.

(Доктарка:) “Няшчаснае каханьне, дык абавязкова трэба выпіць якога-небудзь мэзыму ці валідолу… Страўнік звычайна прамываем. Прынамсі, тыя лекі, якія яны п’юць, нічога не выклікаюць”.

Лекары распавядаюць, што за апошнія 8 гадоў яны штодня сутыкаюцца з праявамі грубасьці. Пачасьціліся скаргі ад пацыентаў шпіталяў ў асноўным на ўмовы, натуральна, далёкія ад ідэальных.

(Белановіч:) “Палаты індывідуальныя ў нас толькі для інвалідаў Айчынай вайны. Платная, згодна з пастановай, мусіць выконваць сваю функцыю. Скардзяцца й на ўмовы. А які можа быць камфорт, калі 20 чалавек перагрузка, а санітарка адна?!”

Бываюць выпадкі, калі п‘яныя параненыя кідаюцца ў бойку і тады мэдыкі выклікаюць міліцыю. Дактары кажуць, што “на хуткай” і ў шпіталях працуюць толькі самыя адданыя сваёй прафэсіі, астатнія сыходзяць у камэрцыйныя лякарні і фармакалягічныя фірмы.

Заробак мэдыка-кардыёляга з 11-гадовым стажам – 290 000 рублёў (“чыстымі” крыху больш 100 даляраў), мэдсястры – 60 даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG