Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нерастыражаванае” Ўладзімера Мулявіна (фота)


Ігар Карней, Менск У Менску адбылася прэзэнтацыя кампакт-дыску “Ўладзімер Мулявін: голас душы. Частка першая – “Нерастыражаванае”. Дыск стаў першым сольным альбомам сьпевака.

Ініцыятыва выпуску сольнага альбому Ўладзімера Мулявіна належыць удаве музыкі Сьвятлане Пенкінай. Плянуецца, што дыскаў будзе як мінімум пяць. Прэзэнтанцыя другога заплянаваная на 12 студзеня — у дзень нараджэньня Ўладзімера Мулявіна. Усе дыскі будуць мець свае назвы. Першы, прэзэнтаваны сёньня, называецца “Нерастыражаванае”. Тут сабраныя песьні, якія нельга лічыць “песьняроўскімі” хітамі, але якія маюць надзвычай глыбокі сэнс і нясуць пэўны філязафічны адбітак — “Хрыстос Уваскрэс”, “Маналёг сабакі”, “Я толькі паэт”, а таксама цэлая нізка песень на вершы Янкі Купалы – “Разлад”, “Бабулька”, “Малітва”.

(Пенкіна: ) “Вось тут, ва ўкладцы да дыску, ёсьць самы наш улюбёны з Валодзем фотаздымак. Усё гэта вельмі асабістае... Год гэты ўвогуле ўнікальны, 2006-ы. Перадусім, гэта юбілейны год Ўладзімера Георгіевіча – у гэтым годзе Валодзю было б 65. Сёлета споўнілася б 25 гадоў нашаму сумеснаму жыцьцю. І вось зьявіўся дыск – нават ня верыла, што гэта магчыма. Але зноў жа, атрымліваецца, што магчыма, гэта рэальна. На сёньняшні дзень я шчасьлівая. Ідэя рэалізавалася. Але гэта толькі першая частка. Як будзе надалей?.. Думаю, ўсё будзе варта Валодзінага імя”.



Мастак-пастаноўшчык канцэртаў “Песьняроў” Лявон Бартлаў лічыць, што нягледзячы на пэўны крызіс жанру, які перасьледаваў калектыў цягам апошніх гадоў, спадчына “Песьняроў” ва ўсясьветнай музычнай культуры параўнальная з той, што пакінулі пасьля сябе “Бітлз”.

(Бартлаў: ) “Пра крызіс жанру “Песьняроў”, на маю думку, гаварыць нельга. Бо “Песьняры” – гэта ж ня проста якісьці чалавек, дапусьцім, нават Ўладзімер Мулявін. Як вы ўяўляеце, можна было б казаць пра крызыс жанру “Бітлз”? Ёсьць яны ці няма, “Бітлз” як жанр існуе. Так вечна будзе існаваць і фэномэн “Песьняроў”.
XS
SM
MD
LG