Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы футбольны даведнік па-беларуску


Міхал Карневіч, Горадня У беларускіх заўзятараў футболу сёлета ўпершыню зьявілася выданьне, цалкам прысьвечанае чэмпіёнам сьвету ад 1930 году і да апошняга першынства. Пад адной вокладкай сабрана інфармацыя аб усіх гульцах і трэнэрах, якія бралі ўдзел у фінальных матчах усіх чэмпіянатаў сьвету й сталі пераможцамі. Кніга выдадзеная па-беларуску накладам 500 асобнікаў. Яе аўтар – гарадзенскі журналіст Вітаўт Руднік.

Паводле Рудніка, падобных кнігаў у Беларусі й на абшарах былога Саюзу не выдавалася. Аўтар сьцьвярджае, што ягоны даведнік выгадна адрозьніваецца ад аналягаў, што пабачылі сьвет у заходніх краінах.

(Руднік: ) “Асаблівасьць палягае ў тым, што тут ня проста сухія лічбы пра футбаліста: дзе й калі нарадзіўся, пражыў, колькі забіў галоў ды за каго гуляў. Тут ёсьць яшчэ цікавыя факты, зьвязаныя зь яго асабістым жыцьцём. Да прыкладу, вядомы бразыльскі брамнік апублікаваў кнігу лістоў прыхільніц свайго таленту й г.д.”

Збор інфармацыі аўтар пачаў яшчэ на пачатку 1980-х гадоў. Дарэчы, у даведніку зьмешчаныя фатаздымкі гульцоў й трэнэраў. Па-беларуску выдаў яе сьвядома:

(Руднік: ) “Для чалавека, які цікавіцца футболам, ня важна, на якой мове кніга. Я ў свой час карыстаўся крыніцамі, ня ведаючы добра ні гішпанскай, ні ангельскай, ні летувіскай моваў. Мову футболу вельмі лёгка зразумець, калі цікавісься ім”.

Майстар спорту СССР па футболе Ўладзімер Чарноцкі, які з 1965 году гуляў за гарадзенскі “Нёман”, а пазьней доўгія гады ўзначальваў гэтую каманду, паказвае мне сваю калекцыю кніг пра футбол ды таксама зьдзіўлена дадае, што падобных выданьняў у яго няма. Ён перакананы: кніга патрэбная для зацікаўленых футболам.

(Чарноцкі: ) “Гэта кніга патрэбная, таму што ў нашай краіне ёсьць шмат сапраўдных заўзятараў футболу”.

Вітаўт Руднік яшчэ нідзе не рэклямаваў сваёй кнігі, апроч невялічкай абвесткі ў “Нашай Ніве”, але да яго ўжо зьвяртаюцца цікаўныя зь Беларусі, Польшчы і Ўкраіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG