Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Клімаў: “Веру, што будзе суд над забойцамі Ганчара і Захаранкі”


Радыё Свабода Андрэй Клімаў – удзельнік перадачы “Ў што я веру”

Я веру, што будзе суд над забойцамі Віктара Ганчара і Юр’я Захаранкі, і ў Беларусі больш ня будуць выкрадаць і забіваць палітычных апанэнтаў.

Веру, што ўвесну 2007 Аляксандар Казулін выйдзе на свабоду. Веру, што ў міліцыі працуюць не адны нягоднікі. Веру, што былы начальнік турмы на Валадарскага Алег Алкаеў, судзьдзя Валянціна Тупік, сьледчы Алёшкін, начальнік на “хіміі” ў Крупках Сяргей Сіроткін, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян, былы генпракурор Алег Бажэлка і Аляксандар Лукашэнка папросяць прабачэньня ў маёй сям’і. Веру, што мае дзеці знойдуць шчасьце ў сваёй краіне.

Веру, што яшчэ да канца гэтага году ў краіне адбудуцца перамены, а ў наступным годзе адбудуцца выбары прэзыдэнта Беларусі. Веру, што ў 2007 годзе збудзецца даўняя мара маёй маці. Перакананы, што 25 сакавіка 2007 году на Кастрычніцкую плошчу ў Менску выйдзе ўся дэмакратычная Беларусь, каб адсьвяткаваць нашу перамогу. Веру, што яшчэ да канца дзесяцігодзьдзя мы ўступім у Эўразьвяз.

Веру, што Чарнобыль і Лукашэнка – гэта апошнія навалы на нашу краіну ў бліжэйшыя сто гадоў. Веру, што з пераменамі ў палітычным жыцьці краіны адбудуцца перамены і ў нашых людзях. Яны стануць больш шляхетнымі, добрымі, навучацца быць шчодрымі. Веру, што я не адзінокі ў сваіх жаданьнях і цяпер мяне слухаюць тыя, ад каго залежаць перамены ў краіне.



Веру, што жыцьцё не заканчваецца на гэтым сьвеце. Ёсьць Бог, і ён не пакіне нас у гэтую хвіліну. Веру, што ў наступным дзесяцігодзьдзі паміж мусульманамі і хрысьціянамі наступіць мір. Веру, што беларусы будуць хадзіць у царкву ня толькі па сьвятах, а патрыяршы экзарх Філарэт прыме публічнае пакаяньне злачынцаў цяперашняга рэжыму. Веру, што мы навучымся дараваць і жыць ў міры са сваімі суайчыньнікамі.

Веру, што цяперашнія пэнсіянэры яшчэ пры жыцьці будуць жыць у дабрабыце. Веру, што ў бліжэйшыя гады знойдуць лекі ад раку, а з новага году беларускае тэлебачаньне больш ня будзе хлусіць людзям. Перакананы, што ў блізкім часе ў Беларусі будуць эўрапейскія дарогі, і беларусам будуць даступныя па коштам новыя машыны. Веру, што наступнай “Міс сьвету” будзе беларуска, а на будучым чэмпіянаце сьвету па футболу беларуская зборная выйдзе ў чвэрцьфінал. Веру, што ў дамах больш ня будуць ламаць ліфты і ў наступным годзе я нарэшце закончу рамонт ў сваёй кватэры.



Андрэй Клімаў – былы бізнэсовец, Дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. Адзін з ініцыятараў імпічмэнту Аляксандру Лукашэнку ў 1996 годзе, за што, як лічыць, і адсядзеў чатыры гады ў турме. Па выхадзе на свабоду ў 2002 годзе пачаць пісаць – за некалькі гадоў выйшлі ў сьвет пяць кнігаў. Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускага ПЭН-цэнтру. Адбывае пакараньне на “хіміі” ў Баршчоўцы на Гомельшчыне за арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу 25 сакавіка 2005 году. Павінен выйсьці на свабоду 22 сьнежня. Мае трох дзяцей.
XS
SM
MD
LG