Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – 20 лістапада


Севярын Квяткоўскі, Менск

Палітычны аглядальнік Віталь Портнікаў ў сваім блогу дае ацэнку новай стратэгіі адносна Беларусі, якую абвясьціў Эўразьвяз. У абмен на дэмакратычныя рэформы Эўразьвяз прапануе Беларусі доступ беларускіх тавараў на эўрапейскі рынак, фінансавую дапамогу беларускім прадпрыемствам, павелічэньне колькасьці стыпэндый для студэнтаў, аблягчэньне выдачы візаў беларусам. Віталь Портнікаў піша: “Фактычна, эўрапейцы прызнаюць, што толькі ад Лукашэнкі і ягонага найбліжэйшага атачэньня залежыць, якога кшталту рэжым будзе ўсталяваны ў краіне. Лукашэнку прапанавана стаць Гарбачовым. Па сутнасьці, ад Лукашэнкі патрабуецца зьмяніць дыктатуру на кіраваную дэмакратыю. Але і гэтая замена можа стацца для беларускага прэзыдэнта фатальнай. У стратэгіі мусіць быць штосьці, што застаецца між радкоў. А менавіта гатоўнасьць утрымліваць Беларусь у выпадку, калі Расея адмовіцца ад гэтага”.

Расейскі дэмакратычны палітык Валерыя Навадворская адказвае ў сваім блогу на пытаньне пра пэрспэктывы разьвіцьця стасункаў між Беларусьсю і Расеяй: “Адносіны дзьвюх дыктатур ня могуць быць шчырымі, яны выключна каньюктурныя. Мне б хацелася, каб расейская дыктатура зрабіла хаця б адну добрую справу – дакончыла беларускую дыктатуру з дапамогай цаны на газ. Добрыя адносіны адно між беларускай апазыцыяй і расейскімі дэмакратамі. Вось з гэтага і будуць складацца адносіны дзьвюх краін”.

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць інфармацыю пра тое, што на Мінскім кінафэстывалі “Лістапад-2006” актор Уладзімер Гасьцюхін атрымаў спэцыяльны прыз Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь – “За захаваньне і разьвіцьцё духоўнасьці ў кінамастацтве”. Вось водгукі ўдзельнікаў абмеркаваньня: “Прэзыдэнт папросту абавязаны ўручыць прыз актору, які здымаўся ў фільмах на вершы Быкава”; “Ды ладна вам, хлопцы. Трэба быць больш паблажлівымі. Актор – ён нібы малое дзіця, “хто цукерку дае, той яго і танцуе”; “Дарма мастацтва мяшаецца з палітыкай. Граў бы сабе “дальнабойшчыка” і не “выпендрываўся”.

Удзельнік інтэрнэт-суполкі Minsk_by limony дзеліцца досьведам жарту над беларускімі памежнікамі і мытнікамі, якія пастаянна робяць пільную праверку ягоных рэчаў: “Перад тым, як ехаць праз мяжу – набыў кампутарны, запісаў на яго "крутое порна" і зрабіў надпіс на дыске маркерам – "Як зрабіць рэвалюцыю ў Беларусі". (На мяжы) Падышлі два маёра. Яны сказалі, што іх цікавяць носьбіты інфармацыі і друкаваная прадукцыя. Выклікалі мытнікаў і яны канфіскавалі гэты дыск для экспэртызы. Я б аддаў палову жыцьця, каб паглядзець на выраз іх твараў, калі яны праводзяць экспэртызу”.

Папулярнасьць сайтаў блогаў сталася прычынай абмежавальных захадаў з боку кіраўніцтва факультэту журналістыкі Белдзяржунівэрсытэту. У кампутарных клясах установы заблякавалі доступ да сайтаў блогаў. Распавядае адна са студэнтак:

(Студэнтка: ) “Асабіста ў мяне быў такі выпадак з “LiveJournal” (міжнародны сайт блогаў). І літаральна сёньня дзяўчаты з маёй групы спрабавалі выйсьці на іншыя сайты з блогамі… Шчыра кажучы, большасьць студэнтаў заходзіла на гэтыя сайты падчас заняткаў. У прынцыпе, можна патлумачыць дзеяньні выкладчыкаў ці адміністрацыі. Сапраўды, можа гэта было ня вельмі прыгожа з нашага боку. Я размаўляла са сваімі сябрамі зь іншых факультэтаў. І, наколькі памятаю, там ні пра што такое не казалі”.

Па словах дзяўчыны, навінныя сайты, што даюць адрозны ад афіцыйнай пазыцыі пункт гледжаньня, засталіся вольнымі для доступу.

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG