Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адбыўся форум “Прадпрымальнікі дзеля будучыні Беларусі”


Міхал Стэльмак, Менск У Менску адбыўся форум “Прадпрымальнікі дзеля будучыні Беларусі”. Удзельнікі абмеркавалі праблемы дробнага бізнэсу.

Ладзіла форум грамадзкае аб’яднаньне “Пэрспэктыва”. Як паведаміў ягоны лідэр Анатоль Шумчанка, асноўная мэта мерапрыемства — дыялёг паміж уладамі й дробным бізнэсам:

(Шумчанка: ) “Чаму такая стаіць мэта? Таму што на сёньняшні дзень дыялёг у нас адсутнічае. То бок, прадпрымальнікі як законапаслухмяныя грамадзяне плацяць падаткі, слухаюць, што ім кажа ўлада, але калі заходзіць размова пра праблемы прадпрымальнікаў, то іх улада ня хоча слухаць. Таму задача гэтага форуму — быць пачутымі ва ўласнай краіне”.

На форум запрасілі прадстаўнікоў многіх дзяржаўных структур. Але большасьць запрашэньне праігнаравала. Толькі дэпартамэнт прадпрымальніцтва й Палата прадстаўнікоў прыслалі дробных чыноўнікаў. Прадстаўніца апарату парлямэнту Зінаіда Кароўчанка патлумачыла:

(Кароўчанка: ) “Я хачу сказаць, што праблемы, якія тут уздымаюцца, у прынцыпе, вядомыя ў парлямэнце, і, я думаю, ва ўрадзе і адміністрацыі прэзыдэнта пра іх ведаюць. А ўжо як іх вырашаць — гэта ня функцыя парлямэнту”.

У форуме ўдзельнічала каля 150 бізнэсоўцаў. Як вынікае з выступаў, многіх зь іх чакае складаны час — у прыватнасьці, гандляроў абуткам. Урад прыняў рашэньне, паводле якога са сьнежня імпартны абутак патрэбна маркіраваць. Паводле прадпрымальніцы менскага рынку “Ждановічы” Ірыны Залеўскай, камэрсанты разгубленыя:

(Залеўская: ) “Праблема ў тым, што трэба цалкам адмяніць гэтыя маркі. Таму што невыканальна ўсё тое, чаго яны патрабуюць ад нас: правоз, налепкі, справаздачнасьць… Для любога прадпрымальніка гэта азначае, што трэба кінуць працу, а займацца толькі гэтым”.

Няпэўная будучыня чакае бізнэсоўцаў, якія гандлююць парфумай, рыбай, кандытарскімі вырабамі.

На форум прыехала шмат прадпрымальнікаў з рэгіёнаў. Сярод іх Любоў Разановіч зь Берасьця, якая ў верасьні й кастрычніку трымала галадоўку пратэсту супраць ціску на ўладальнікаў маршрутных таксовак:

(Разановіч: ) “Я вось сама асабіста перанесла ўсё гэта. Я зразумела, што калі мы будзем разам, мы пераможам. Мне яшчэ вельмі шкада, што вось такога сумленнага прадпрымальніка Аўтуховіча няма з намі. Ён сядзіць у турме. Такімі людзьмі мы павінны ганарыцца. А яго тут няма. Крык душы”.

“Пэрспэктыва” заплянавала 27 лістапада правесьці ў Менску мітынг за абарону правоў прадпрымальнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG