Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гарадзенцы: лупцаваць дзяцей ня варта, але часам можна


Сяргей Астраўцоў, Горадня 20 лістапада на рашэньне ААН адзначаецца Ўсеагульны дзень дзяцей. Гвалт у дачыненьні дзяцей — надзённая праблема ва ўсім сьвеце. Стаўленьне да гэтай зьявы ў грамадзтве часта супярэчлівае. Ці лічыце вы, што дзяцей можна караць фізычна й чаму? На гэтыя пытаньні адказвалі гарадзенцы.

(Малады спадар: ) “На маю думку, катэгарычна забараняецца караць дзяцей фізычна, бо кожнае дзіця ад нараджэньня мае годнасьць. Дзіця можна пакараць інакш: не пусьціць яго гуляць або неяк інакш, але ніколі нельга біць яго”.

(Спадар: ) “Абмежавана, у якасьці выхаваўчай меры, гэта часам рабіць можна. Аднак, напрыклад, катаваньні ці меры фізычнага ўзьдзеяньня, якія абражаюць чалавечую годнасьць, я думаю, яны немагчымыя. Але існуюць дзеці некіраваныя, такіх часам можна пакараць фізычна”.

(Маладая спадарыня: ) “Гэта яшчэ залежыць ад веку дзіцяці. Малое дзіця, напэўна, не разумее фізычнага пакараньня. А старэйшага, калі яно правінілася, то я думаю, што можна пакараць, але маленькіх — ніяк нельга. Майму старэйшаму дзіцяці адзінаццаць гадоў, і я магу яго пакараць фізычна, але малодшага — не, толькі словам, толькі тлумачэньнем, толькі па-добраму”.

(Спадар: ) “Не, я супраць гэтага, катэгарычна супраць. Мае дзеці ўжо дарослыя, ёсьць і ўнучка. Я сваіх дзяцей, колькі гадаваў, ніколі фізычна не караў, гэта, я лічу, увогуле недапушчальна”.

(Спадарыня: ) “Бывала, што мой сын мяне раззлуе, і я яго карала фізычна, па задзе рэменем, але тады было за што. Але я лічу, што лепей, канечне, патлумачыць усё словамі”.

(Спадарыня: ) “Караць фізычна? Напэўна, нельга. Але часам бываюць такія сытуацыі, і дзеці такія бываюць, што словы неяк ня вельмі дзейнічаюць. Калі шчыра, дык я часам выкарыстоўваю такі мэтад выхаваньня. Хаця потым я пра гэта шкадую. Напэўна, усё ж нельга гэтага рабіць”.

(Маладая спадарыня: ) “Канечне, дзяцей ня трэба біць. Навошта, калі ім можна ўсё спакойна патлумачыць? Сама я выхавальніца дзіцячага садка. Хаця ў садках нярэдка здараецца, калі выхавальніца ня вытрывае і кагосьці адлупцуе”.
XS
SM
MD
LG