Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня – Міжнародны дзень дзіцяці


Алена Струвэ, Прага Сёньня ў большасьці краінаў-сябраў ААН адзначаецца Міжнародны дзень дзіцяці. З нагоды гэтага сьвята камісар Рады Эўропы па правах чалавека Томас Хамарбэрг заклікаў урады, цэнтральныя і мясцовыя ўлады краінаў да таго, каб тыя ў сваіх дзеяньнях надавалі найбольш ўвагі прынцыпам найлепшага забесьпячэньня інтарэсаў дзіцяці.

47 гадоў таму, 20 лістапада 1959 Генэральная Асамблея ААН арганізацыі прыняла канвэнцыю па правах дзіцяці. У той жа дзень, але ўжо ў 1989 годзе, была прынятая канвэнцыя па правах чалавека, якая абавязвае ўсе краіны забясьпечваць добрае жыцьцё дзецям. Акрамя 20 лістапада, у краінах– сябрах ААН таксама ўзгадваюць пра дзяцей штогод 4 чэрвеня. Гэты дзень завецца Міжнародным днём нявінных дзяцей. Ён быў абвешчаны Генасамблеяй ААН у 1982 годзе ў зьвязку масавымі дзіцячымі ахвярамі ў выніку ваеннага канфлікту на Блізкім усходзе.

Што да Беларусі, то тут традыцыйна прынята адзначаць Міжнародны дзень абароны дзіцяці – 1 чэрвеня. Апошнім часам у краіне ўзгадваюць і сёньняшняе 20 лістапада.

Адным зь ініцыятараў правядзеньня гэтага дня ёсьць замежнае прадпрыемства "Рэстараны Макдональдс" у Менску. Вось ужо пяты год запар разам з 30 тысячамі падобных рэстаранаў ва ўсім сьвеце Макдональдсы праводзяць дабрачынныя мерапрыемствы на карысьць дзяцей, якія апынуліся ў цяжкай жыцьцёвай сытуацыі.

Усе сродкі, якія будуць сёньня атрыманыя ад продажу бульбы-фры і сымбалічнай далонькі “Я дапамог”, пойдуць на набыцьцё неабходнага абсталяваньня для Менскага цэнтру мэдычнай рэабілітацыі дзяцей з псыханэўралягічнымі захворваньнямі.

Напярэдадні сьвята Міжнародная дзіцячая арганізацыя ЮНІСЭФ прааналізавала сытуацыю зь паляпшэньнем санітарных умоваў для дзяцей зь сельскай мясцовасьці ў краінах СНД. Паводле дасьледчыкаў, для большасьці краінаў у гэтым пытаньні характэрная стагнацыя. У Беларусі санітарныя ўмовы для вясковых дзяцей палепшыліся толькі на 60 адсотках тэрыторыі.

Сёньня з нагоды Усясьветнага дня дзіцяці камісар Рады Эўропы па правах чалавека Томас Хамарбэрг заклікаў урады, цэнтральныя і мясцовыя ўлады да таго, каб у сваіх дзеяньнях ў дачыненьні да дзяцей яны надавалі ўвагу прынцыпам найлепшага забесьпячэньня інтарэсаў дзіцяці. Камісар таксама падкрэсьліў, што ўлады мусяць ўлічваць у сваёй дзейнасьці асаблівую неабароненасьць дзяцей у выніку міграцыйных працэсаў.
XS
SM
MD
LG