Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.Рыжкоў: у беларуска-расейскіх дачыненьнях усё вырашае палітыка


Алесь Дашчынскі, Менск Ці адаб’ецца ўступленьне Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю на расейска-беларускіх дачыненьнях? Як камэнтуюць гэта ў Маскве, высьвятляў наш карэспандэнт.

Паводле расейскага палітоляга, дырэктара Інстытуту палітычных дасьледаваньняў Сяргея Маркава, уступленьне Расеі ва УГА адмоўна адаб’ецца на двухбаковых дачыненьнях. Гэта запатрабуе большага ўзгадненьня пытаньняў адзінай эканамічнай прасторы Расеі й Беларусі.

(Маркаў: ) “Рэч у тым, што гэтае ўступленьне запатрабуе ад Расеі памяншэньня мытаў і спрашчэньня доступу замежнага бізнэсу. А гэта прывядзе да яшчэ большай лібэралізацыі расейскай эканомікі й замацаваньня яе лібэральнага стану. Эканомікі абедзьвюх краінаў працуюць па-рознаму. Але палітычна застаецца магчымасьць аб’яднаньня Беларусі й Расеі згодна з мадэльлю: адна краіна, дзьве сыстэмы. Згодна зь ёй аб’ядноўваліся Кітай і Ганконг. Ёсьць магчымасьць фармаваньня нейкай зоны вольнага гандлю ды іншых інстытутаў, выгадных для абодвух бакоў”.

Ці зацікаўленая Расея ва ўступленьні Беларусі ва УГА?

(Маркаў: ) “Канечне, Расея з задавальненьнем спрыяла б, каб Беларусь далучылася да УГА. Аднак ЗША і Эўразьвяз, несумненна, заблякуюць такое далучэньне, пакуль пры ўладзе знаходзіцца Аляксандар Лукашэнка. Пакуль праводзіцца палітыка на больш цесны саюз з Расеяй і пакуль скарыстоўваюцца аўтарытарныя мэтады ва ўнутранай палітыцы”.

Паводле дэпутата расейскай Дзярждумы Ўладзімера Рыжкова, Расея ўваходзіць у пятнаццаць самых буйных эканомік сьвету, і яе ўступленьне ва УГА даўно чакалася.

(Рыжкоў: ) “Гэта складае пэўную рызыку для асобных расейскіх галінаў — лёгкай, аўтамабільнай, харчовай прамысловасьці й сельскай гаспадаркі. Канкурэнцыя стане больш жорсткая. А зь іншага боку, для Расеі зьяўляюцца дадатковыя магчымасьці, у тым ліку для экспарту энэрганосьбітаў. Таксама зьявяцца дадатковыя вагары для пераходу на рынкавыя цэны й гэтак далей. Той, хто арыентаваны на ўнутраны рынак, можа адчуць дадатковы ціск. А хто арыентаваны на экспарт, атрымае дадатковыя вагары для экспансіі на новыя рынкі”.

Дэпутат Уладзімер Рыжкоў мяркуе, што ўступленьне Расеі ва УГА наўрад ці адаб’ецца на расейска-беларускіх дачыненьнях.

(Рыжкоў: ) “У сфэры беларуска-расейскіх дачыненьняў усё вырашае палітыка, а не эканоміка. Усе нашы гандлёвыя стасункі носяць палітычны характар: ад цаны на газ да кошту транзыту, ад субсыдыяў нейкім прадпрыемствам да фінансавай дапамогі беларускаму бюджэту. Гэта галіна чыстай палітыкі. Узьнік такі сымбіёз амаль поўнасьцю дзяржаўнай беларускай эканомікі й паўрынкавай расейскай. Я ня думаю, што ўступленьне Расеі ва УГА хоць неяк зьменіць гэтую мадэль. У дачыненьнях Расеі й Беларусі дамінуе палітыка, а эканоміка мае другарадную ролю”.
XS
SM
MD
LG