Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У школах Беларусі адзін кампутар на 30 дзяцей


Галіна Абакунчык, Менск 20 лістапада — Усеагульны дзень дзяцей. Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў абвясьціла гэты дзень з нагоды прыняцьця Дэклярацыі аб правах дзіцяці 1959 году й Канвэнцыі 1989 году. Сярод іншых праграмаў ААН дзеля абароны правоў дзяцей — забесьпячэньне кожнага дзіцяці пэрсанальным кампутарам. Як ідзе кампутарызацыя беларускіх школаў?

Сёлета ў Беларусі завяршаецца першая частка дзяржаўнай праграмы кампутарызацыі школаў. Яна распачалася восем гадоў таму й мела забясьпечыць усе школы кампутарнай тэхнікай. Гэтая задача выкананая, паведаміў Радыё Свабода спэцыяліст Інфармацыйнага цэнтру Міністэрства адукацыі, які не пажадаў назваць сваё імя.

(Спадар: ) “У галіне кампутарызацыі ёсьць сацыяльны стандарт: адна кампутарная кляса на школу, альбо 30 навучэнцаў на адзін пэрсанальны кампутар. На сёньня гэты стандарт выкананы, але тэхніка розная: адна крыху састарэлая, іншая сучасная. Цяпер нашая мэта — выканаць гэты стандарт больш якасна. Задача наступнай праграмы — каб гэтая тэхніка дазваляла праводзіць навучаньне на сучасным узроўні. І каб гэты стандарт выконваўся далей: адзін кампутар на трыццаць навучэнцаў — і, магчыма, яго зьменшыць”.

Як паведамілі ў Інфармацыйным цэнтры, кампутараў у школах можа паболець толькі пасьля перагляду названых стандартаў. Але гэта будзе залежаць ад эканамічнага стану ў краіне. Зь меркаваньняў эканоміі не прадугледжанае таксама падключэньне школьных кампутараў да інтэрнэту. А гэта значна звужае магчымасьці навучаньня, кажа настаўнік адной зь менскіх школ Алесь Сядзяка:

(Сядзяка: ) “Інтэрнэт у школах ёсьць, але выкарыстоўваецца як электронная пошта — для сувязі адміністрацыі з гарадзкім аддзелам адукацыі. А вось дзеці інтэрнэтам карыстацца ня могуць, бо гэта каштуе грошай. А навучаньне без інтэрнэту, канечне, значна абмяжоўвае выкарыстаньне гэтых кампутараў. Я лічу, што наступным крокам павінен быць вольны доступ у інтэрнэт. І калі гэта будзе, то эфэктыўнасьць, нават таго абсталяваньня, што ёсьць, істотна падвысіцца”.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, вясковыя школы не адстаюць у кампутарызацыі. Навучэнцаў там менш, і доступ да тэхнікі ў вясковых дзяцей нават лепшы. Аднак на практыцы так бывае не заўсёды, кажа настаўніца школы ў Слуцкім раёне Тацяна Маўчун.

(Маўчун: ) “У нас інфарматыка — і больш яны не займаюцца на кампутары. Інфарматыка адзін раз на тыдзень — адна гадзіна на кожную клясу, і ўсё. А астатні час кампутарная кляса проста зачыненая. Па-першае, кампутары старыя, і іх шануюць, каб дзеці не даламалі зусім. А па-другое, каб кляса была адчыненая, туды трэба садзіць настаўніка, яму трэба плаціць грошы. Вось таму й ня створана ніякіх умоваў, каб дзеці карысталіся гэтымі кампутарамі”.
XS
SM
MD
LG