Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як адаб''ецца ўступленьне Расеі ўва УГА на Расеі і Беларусі?


Юры Дракахруст, Прага Якія перавагі і мінусы будзе мець для Расеі яе ўступленьне ўва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю?

Расейска-амэрыканскі пратакол аб уступленьні Расеі ўва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю (УГА) ня ўтрымлівае нестандартных абавязкаў з боку Расеі – заявіў старшыня міжнароднага камітэту Савету Фэдэрацыі РФ Міхаіл Маргелаў. Паводле яго, пагадненьне стала “важным крокам інтэграцыі Расеі ва Ўсясьветную эканоміку”, ён падкрэсьліў, што далучэньне Расеі да гандлёвай арганізацыі пашырыць “экспансію расейскага бізнэсу на міжнародных рынках”.

Уступленьне Расеі ў гандлёвую арганізацыю мае перавагі і мінусы: касуюцца ўсе абмежаваньні на расейскі экспарт на міжнародных рынках, Расея зможа зьвяртацца да міжнароднага мэханізму гандлёвых спрэчак, прывядзеньне расейскага заканадаўства ў адпаведнасьць з нормамі гандлёвай арганізацыі створыць больш спрыяльны інвэстыцыйны клімат у краіне. Расейскі міністар эканамічнага разьвіцьця і гандлю Герман Грэф – галоўны расейскі перамоўшчык па гандлёваму пратаколу з ЗША – чакае выбуху інвэстыцыяў у расейскую эканоміку, як гэта было ў Кітаі пасьля ўступленьня КНР у гандлёвую арганізацыю.

У той жа час, гэта стане пэўным выпрабаваньнем для расейскай гаспадаркі – Масква абавязана зьнізіць імпартныя тарыфы на шэраг тавараў, адкрыць свае рынкі для замежных тавараў і паслугаў. Шмат расейскіх прадпрыемстваў могуць проста ня вытрымаць замежнай канкурэнцыі. Прынамсі, ужо зараз Расея пагадзілася зьнізіць мыты на ўвоз аўтамабіляў замежнай вытворчасьці з 25% да 15%.

Дамоўленасьць са Злучанымі Штатамі яшчэ не азначае ўступленьня Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Па-першае, пратакол павінен быць ратыфікаваны кангрэсам ЗША. Каманды перамоўшчыкаў знайшлі кампраміс па самым балючым пытаньні двухбаковых гандлёвых адносінаў – імпарту амэрыканскага мяса ў Расею, аднак амэрыканскіх парлямэнтараў гэты кампраміс можа і не задаволіць.

Падчас саміту ўва Віетнаме Расея здолела дамагчыся згоды на яе ўступленьне ва УГА Шры-Ланкі, апошняй краіны, чыя згода была патрэбная. Аднак Грузія адклікала сваю згоду на гэтае ўступленьне, так што сытуацыя застаецца няяснай.

Для Беларусі ўступленьне Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю будзе мець істотныя наступствы. Зьніжэньне расейскіх імпартных пошлінаў ня надта паспрыяе Беларусі, бо яна і зараз знаходзіцца ў мытным саюзе з Расеяй і гандлюе бяз мытаў. У той жа час, менавіта гэты мытны саюз істотна зьменшыць магчымасьці для беларускага ўраду абараняць нацыянальны рынак пры дапамозе высокіх мытаў.

Адкрыцьцё расейскіх рынкаў ўзмоцніць канкурэнцыю ня толькі для расейскіх таваравытворцаў, але і для беларускіх. У пэўным сэнсе, ад ўступленьня Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю Беларусь атрымае большую частку тых мінусаў, якія атрымае і Расея, але хіба ніводнай з перавагаў, якія набудзе Расея ад гэтага ўступленьня.
XS
SM
MD
LG