Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябра БНФ выйграў судовую справу ў Дзяржаўтаінспэкцыі (абноўлены)


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня Берасьцейскі абласны суд адхіліў касацыйную скаргу абласной Дзяржаўтаінспэкцыі. Дзеяньні міліцыянтаў, якія затрымалі й эвакуавалі аўтамабіль сябра Партыі БНФ Юрася Губарэвіча, прызналі незаконнымі.

Радыё Свабода паведамляла, што падчас прэзыдэнцкіх выбараў актывіст БНФ Юрась Губарэвіч кіраваў абласным штабам Аляксандара Мілінкевіча. За два дні да галасаваньня, 17 сакавіка, аўтамабіль Юрася Губарэвіча знаходзіўся на стаянцы адной са станцыяў тэх агляду ў Берасьці. Зь невядомых прычынаў міліцэйскі эвакуатар перавез аўтамабіль Юрася Губарэвіча на штрафную стаянку.

Актывіст лічыць, што цяпер міліцыянты павінны панесьці дысцыплінарную адказнасьць. А вось што даводзіць суразмоўца пра маральны бок справы:

(Губарэвіч: ) “Толькі на першы погляд падаецца, што гэта нязначная справа. Але я лічу, што яна мае для нас вялікае значэньне. Сёньняшняе рашэньне сьведчыць, што мы можам дамагчыся праўды. І гэта мусіць быць урокам для тых, хто зьяўляецца непасрэдным выканаўцам злачынных загадаў улады”.

Нагадаем, што кіраўнік берасьцейскай суполкі БНФ цяпер зьбірае подпісы выбарцаў за вылучэньне кандыдатам у дэпутаты Берасьцейскага абласнога, Бярозаўскага раённага і Белаазёрскага гарадзкога саветаў.
XS
SM
MD
LG