Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску камэнтуюць патэнцыйнае далучэньне Расеі да УГА


Валер Каліноўскі, Менск Учорашняе падпісаньне прадстаўнікамі ўрадаў ЗША й Расеі пратаколу аб заканчэньні перамоваў пра далучэньне Расейскай Фэдэрацыі да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі адкрывае шлях для сяброўства Расеі ва УГА ўжо ў 2007 годзе. Як можа гэта паўплываць на эканамічныя дачыненьні Расеі й Беларусі?

Паводле МЗС Беларусі, афіцыйны Менск разьлічвае, што рэжым гандлю з Расеяй не пагоршыцца ў сувязі з чаканым яе сяброўствам ва УГА. Гаворыць прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Папоў:

(Папоў: ) “У нас з Расеяй ёсьць адпаведныя дамоўленасьці на гэты конт — што незалежна ад таго, які з бакоў уступае ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, мы будзем выкарыстоўваць адзін да аднаго гандлёвы рэжым, які будзем надаваць трэцім краінам. Такія дамоўленасьці ёсьць, і мы пакуль што зь іх зыходзім”.

Паводле менскага эканаміста Леаніда Заікі, магчымыя два варыянты ўплыву сяброўства Расеі ва УГА на яе гандаль зь Беларусьсю. Першы — калі Расея будзе паступова адаптоўвацца да новых умоваў, тады Беларусь не чакае нейкі моцны ўдар. Больш балючымі для яе будуць новыя цэны на газ і нафту. Другі варыянт — рост канкурэнцыі на расейскім рынку ўжо блізкім часам, калі беларускія тавары будуць выціскацца іншымі:

(Заіка: ) “Гэта будзе адбывацца з рознай ступеньню інтэнсіўнасьці на розных сэгмэнтах, адаб’ецца на спажывецкіх таварах, харчаваньні, адзеньні, электроніцы, на транспартнай групе — на ўсіх групах тавараў”.

Тым часам Беларусь з 1996 году сама вядзе перамовы пра сяброўства ва УГА. На сёньня 20 краін вырашылі весьці двухбаковыя перамовы на гэты конт зь беларускім урадам, зь сямі зь іх падпісаныя пратаколы аб завяршэньні. Партнэры на перамовах выказваюць прэтэнзіі да беларускай практыкі “залатой акцыі” й дзяржаўных датацыяў таваравытворцам, у тым ліку аграрнаму сэктару. У МЗС спадзяюцца, што з рэштай краінаў удасца дамовіцца цягам гэтага і наступнага гадоў.

Леанід Заіка лічыць такі аптымізм беспадстаўным. Ён мяркуе, што пры цяперашнім урадзе Беларусь не атрымае статусу краіны з рынкавай эканомікай:

(Заіка: ) “Я ўвогуле лічу, што беларускае сяброўства ва УГА пры Лукашэнку немагчымае. Зусім наіўна думаць, што Джордж Буш будзе сустракацца з Лукашэнкам і скажа: “Мы вас пускаем ва УГА...” У Беларусі абсалютны нуль у пэрспэктыве”.

Пры гэтым спадар Заіка мяркуе, што беларускім спажыўцам сяброўства краіны ва УГА вельмі выгаднае:

(Заіка: ) “Калі ў нас будуць разбураныя гэтыя бар’еры, то беларускі спажывец будзе купляць цукар за 500 рублёў, а не за 1800, беларусы будуць купляць машыны без імпартных мытаў. Такім чынам у нас пачнецца эпоха продажу танных спажывецкіх тавараў, а мяса будзем купляць за адзін даляр за кіляграм”.

Спадар Заіка перакананы, што пры гэтым ня будзе і каляпсу ўласнай беларускай вытворчасьці.
XS
SM
MD
LG