Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падрыхтаваная новая стратэгія Эўразьвязу для Беларусі (абноўлены)


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Як стала вядома нашаму радыё з крыніцаў у Брусэлі, Эўразьвяз падрыхтаваў новую стратэгію ў дачыненьні да Беларусі, якая прадугледжвае канкрэтныя і адчувальныя выгоды для афіцыйнага Менску ўзамен на дэмакратызацыю грамадзкага жыцьця, спыненьне перасьледу апазыцыі і вольныя выбары. Нам удалося атрымаць зьмест гэтага дакумэнту.

У праекце стратэгіі, распрацаваным ў Эўрапейскай камісіі, 12 пунктаў – патрабаваньняў ад афіцыйнага Менску, сярод якіх спыненьне перасьледу апазыцыі, вызваленьне палітвязьняў, правядзеньне сапраўднага сьледзтва ў справах зьніклых палітыкаў і журналістаў, забесьпячэньне свабодных і справядлівых судовых працэсаў, шанаваньне правоў нацыянальных меншасьцяў, свабодныя выбары.

Узамен Эўразьвяз гатовы адкрыць свае рынкі для беларускіх тавараў, дасьць фінансавую дапамогу беларускім фірмам, спрасьціць працэдуру атрыманьня беларусамі візаў у краіны аб''яднанай Эўропы, дапамагчы рэфармаваць гаспадарку і сыстэму самакіраваньня.

Такім чынам, гаворка ідзе пра новае пагадненьне аб партнэрстве паміж Эўразьвязам і Беларусьсю – папярэдняе было замарожанае пасьля сфальсыфікаваных, паводле Эўразьвязу, вынікаў рэфэрэндуму ў 1996 годзе.

Кіраўнік дэлегацыі Эўрапейскага парлямэнту ў справах Беларусі Богдан Кліх лічыць, што распрацоўка такой стратэгіі – гэта вялікі крок наперад з боку выканаўчай улады Эўразьвязу.

(Кліх: ) “Я вельмі задаволены тым, што такі плян зьяўляецца. Як раз мінула два гады ад часу, як мы ў Эўрапарлямэнце дамагаемся перагляду палітыкі ў дачыненьні да Беларусі. Лепш пазьней, чым ніколі. Вельмі важна, што Эўрапейская камісія разумее новыя рэаліі, згодна зь якімі трэба сфармуляваць на адрас Беларусі і беларусаў сур’ёзную палітычную прапанову”.

Вядомы польскі публіцыст Ежы Марак Навакоўскі яшчэ ўвесну запрапанаваў, каб Эўразьвяз ня толькі ўвесь час заклікаў да выкананьня міжнародных пагадненьняў у галіне дэмакратыі і правоў чалавека, але зрабіў Менску канкрэтную прапанову.

(Навакоўскі: ) “Калі б Лукашэнка пагадзіўся на дэмакратызацыю краіны, дык раней ці пазьней ён страціў бы ўладу. Хіба што беларускі кіраўнік цалкам зьменіцца. А ў такім узросьце гэта нялёгка”.

Менавіта таму, паводле спадара Кліха, беларускія ўлады будуць спрабаваць схаваць гэтую прапанову ад беларусаў, і гэта выкліча агрэсіўную рэакцыю з боку Менску.

Сёньня ў другой палове дня прэсавая сакратарка камісара ў справе зьнешніх дачыненьняў Эўразьвязу Бэніты Фэрэры Вальднэр спадарыня Эма Удвін заявіла, што дакумэнт з прапановамі новых дачыненьняў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю будзе перададзены “беларускім уладам і народу” заўтра, у аўторак.
XS
SM
MD
LG