Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Анонс: беларускія падзеі ад панядзелка да суботы</B>


Радыё Свабода

Панядзелак, 20 лістапада

Сёньня амбасадары краінаў Эўразьвязу ў Беларусі наведаюць мэмарыял ахвярам Галакосту “Яма” ў Менску. Мэмарыял 12 лістапада быў апаганены невядомымі вандаламі. Пра салідарнасьць замежных амбасадараў – старшыня Саюзу беларускіх габрэйскіх арганізацыяў Леанід Левін:

(Левін: ) “Яны вельмі ўважна ставяцца да нашай суполкі. І яны жадаюць выказаць свае меркаваньні супроць гэтага акту вандалізму.

* * *

Аўторак, 21 лістапада

Арганізацыя Беларускага незалежнага прафсаюзу “Белшыны” ў Бабруйску праводзіць адкрыты сход. Тэма – рэгістрацыя прафсаюзнай суполкі, за што амаль 43 дні галадала электрык Алена Захожая. Старшыня суполкі Рыгор Спасюк:

(Спасюк: ) “Будуць прысутнічаць намесьнік генэральнага дырэктара і начальнік юрыдычнага аддзела. Ідзем на перамовы. Як мы не жадаем, але, аднак, з імі трэба дамаўляцца”.

* * *

Серада, 22 лістапада

У Польскай акадэміі навук пры ўдзеле шэрагу выбітных навукоўцаў, дыпляматаў, адбудзецца прэзэнтацыя кнігі Вітаўта і Зоры Кіпеляў “Беларускі друк на Захадзе”. “Радыё Свабода” з’яўляецца афіцыйным прэсавым партнэрам гэтай падзеі.

* * *

Чацьвер, 23 лістапада

У сядзібе БНФ у Менску адбудзецца ўрачысты сход у гонар 100-гадовага юбілею газэты “Наша Ніва”. Рэдакцыі не ўдалося дамовіцца на арэнду больш прасторнай залі. Супрацоўнік Нашай Нівы Андрэй Скурко.

(Скурко: ) “А калі будзе вялікая колькасьць людзей, то нават тройчы. Першае сьвяткаваньне пачнецца а 17-й. Другое – а 19-й гадзіне. Усіх запрашаем. Будзе сьпяваць Лявон Вольскі. Рэдактары адкажуць на пытаньні. Будзе выступаць Уладзімер Арлоў, іншыя аўтары газэты.

* * *

У Варшаве, у кінатэатры “Люна” адбудзецца польская прэм’ера фільму “Урок беларускай мовы” польскага рэжысэра Міраслава Дэмбіньскага, які нядаўна атрымаў узнагароду 49-га міжнароднага фэстывалю дакумэнтальных фільмаў у Лейпцыгу. У фільме распавядаецца перадусім пра сёлетнія сакавіцкія падзеі ў Беларусі з пункту гледжаньня маладых беларусаў.

(Дэмбінські: ) “Мы вязем “Урок беларускай мовы” таксама ў Амстэрдам на найвялікшы фэстываль дакумэнтальных фільмаў – наш фільм намінаваны ў двух катэгорыях, у тым ліку і на ўзнагароду “Міжнароднай амністыі”. Я цешуся, што фільм так зразумелы гледачам ня толькі тут, у Польшчы ці Літве, але і ў Заходняй Эўропе. Адначасова я хачу паказаць кавалкі фільму “Беларускакя музычная партызанка”, каб зацікавіць прадусараў, тэлевізійныя станцыіі да сумеснага праекту”.

Пятніца, 24 лістапада

У пятніцу, як плянуецца, стануць вядомыя вынікі суду супраць незалежнай газэты “Барысаўскія навіны”. Супрацоўнік выданьня Андрэй Аміковіч:

(Аміковіч: ) “Аддзел па арганізаванай злачыннасьці арыштаваў Сяргея Рубцова – сына начальніка мясцовага тэрытарыяльнага мэдычнага аб’яднаньня – з падазрэньня ў гандлі “ліпавымі” лісткамі па непрацаздольнасьці. Суд Барысаўскага раёну пакараў яго на пяць гадоў пазбаўленьня волі”.

Пра гэта напісалі “Барысаўскія навіны”. Пазьней суд апраўдаў Рубцова, які цяпер патрабуе спагнаць з газэты на сваю карысьць 35 мільёнаў рублёў.

* * *

Субота, 25 лістапада

25 лістапада – дзень нараджэньня Аляксандра Казуліна. Яму споўніцца 51 год. Прафэсар, доктар навук, акадэмік Беларусі, акадэмік МГУ імя Ламаносава ўтрымліваецца цяпер у турме “Віцьба-3”. Гаворыць Сяргей Скрабец:

(Скрабец: ) “Упэўнены ў тым, што на нашым палітычным полі зьявіўся духоўны лідэр нацыі – менавіта той, хто аб’яднае ўсе слаі насельніцтва. Казулін на сёньняшні дзень зьяўляецца такім чалавекам, які пойдзе да канца і можа зрабіць аб’яднаньне ўсіх здаровых сілаў, ад якіх залежыць будучыня нашай краіны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG