Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Якой будзе праграма ўшанаваньня ахвяраў вялікага тэрору


Радыё Свабода Сёньня ў Менску Палітычная рада аб’яднаных дэмакратычных сілаў разам з беларускімі гісторыкамі і грамадзкімі актывістамі абмяркуе праграму сумесных дзеяньняў па ўшанаваньню ахвяраў сталінскага генацыду. Ініцыятыва скіраваная на канкрэтныя справы: выданьне твораў і дзёньнікаў рэпрэсаваных, усталяваньне памятных знакаў, на матэрыяльную падтрымку вязьняў ГУЛАГу.

Гісторык Ігар Кузьняцоў тлумачыць, што сёлета ў Беларусі ў некалькі этапаў праходзілі грамадзкія слуханьні “Злачынствы сталінізму”. Паводле суразмоўцы, падсумаваньнем іх стаў Зварот да суайчыньнікаў. Гэты дакумэнт распаўсюджаны ў Інтэрнэце, і яго надрукавалі незалежныя беларускія выданьні. У выніку, як даводзіць Ігар Кузьняцоў, зьявілася прапанова Палітрады дэмсілаў абмеркаваць праблему ў пашыраным фармаце.

(Кузьняцоў: ) “Такая сустрэча адбудзецца сёньня ў 16 гадзінаў. Сутнасьць яе будзе, перадусім, у вяртаньні да той праблематыкі, што ў апошнія гады апынулася крышку забытая – гісторыя рэпрэсіяў і іхныя наступствы для Беларусі. Тым больш, што тэма становіцца ўсё больш актуальнай. 70-годзьдзе ад пачатку вялікага тэрору павінна прайсьці пад знакам памяці. Для Беларусі гэта праблема асабліва актуальная, бо была вынішчаная ўся творчая інтэлігенцыя. Беларускіх пісьменьнікаў, да прыкладу, было забіта 80 працэнтаў”.

Паводле Ігара Кузьняцова, сёньня мае адбыцца аб’яднаньне намаганьняў “Беларускай асацыяцыі ахвяраў рэпрэсіяў”, Міжнароднага мэмарыялу і ініцыятывы “За ўратаваньне Курапатаў”. У сваю чаргу прадстаўнік Палітрады Ўладзімер Рамановіч кажа пра магчымасьць матэрыяльнай падтрымкі патрыятычнай справы:

(Рамановіч: ) “ Мы робім стаўку на грамадзкія арганізацыі. Гэта мусіць стаць іх справай. Трагедыя была страшная і па сваіх наступствах ня меншая, чым вайна. Перадусім, па маральна-псыхалягічным наступствах, з якімі мы сутыкаемся па сёньняшні дзень”.

Удзельнікі сёньняшняй сустрэчы перадусім маюць пляны па ўшанаваньню памяці ўдзельнікаў “Саюзу вызваленьня Беларусі”. У гэтай справе было арыштавана 108 чалавек, сярод іх – акадэмікі Вацлаў Ластоўскі, Язэп Лёсік, Сьцяпан Некрашэвіч, пісьменьнікі Максім Гарэцкі, Уладзімер Дубоўка, Язэп Пушча. Усяго ў Беларусі ў 20-50-я гады было арыштавана каля 300 літаратараў. Толькі каля 20 з іх вярнуліся зь лягераў.
XS
SM
MD
LG