Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч зьбіраў подпісы за вылучэньне гомельскіх актывістаў


Радыё Свабода 19 лістапада многія жыхары Гомелю сталі сьведкамі таго, як былы кандыдат на прэзыдэнта ад дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч зьбіраў подпісы за вылучэньне гомельскіх актывістаў кандыдатамі ў дэпутаты гарадзкога ды абласнога саветаў.

Аляксандар Мілінкевіч з некаторымі гомельскімі прэтэндэнтамі на дэпутацкі мандат наведаў Давыдаўскі кірмаш:

(Мілінкевіч: ) “Добры дзень! Як ваша жыцьцё? Як ідзе гандаль?”

(Іван, гандляр: ) “Адносна”.

(Мілінкевіч: ) “Вы мёдам гандлюеце. Папулярны ён?”

(Спадар Іван: ) “Папулярны. Але нават у добрыя часы мёд быў даступны ня ўсім. Бедныя ў нас людзі”.

Гандляр мёдам спадар Іван выказвае Аляксандру Мілінкевічу словы падтрымкі:

(Спадар Іван: ) “Я заўсёды быў за Вас. Я хадзіў на стадыён, калі вы прыяжджалі, бачыў паскудзтва ўладаў, калі яны сьнег звозілі на плошчу, каб перашкодзіць сустрэчы. Я быў у палацы будаўнікоў на Першамайскай, бачыў, як спрабавалі ўчыніць правакацыю – крычалі ў мікрафоны. Усё гэта рабілася, каб людзі ведалі, як мага меней. Калі б прэса ў нас была вольнай, людзі больш ведалі б. Я настолькі да гэтай улады адмоўна стаўлюся, што слоў няма. Не магу пагадзіцца з гэтай сыстэмай. У нас нібыта і законаў няма -- жывём паводле паняцьцяў”, -- кажа спадар Іван.

У размову ўступае Аляксандар Процька, рабочы, актывіст АГП, за якога Аляксандр Мілінкевіч таксама зьбірае подпісы:

(Процка: ) “Зьбіраем подпісы дзеля рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты абласнога Савету непасрэдна ад насельніцтва, зьнізу. Каб былі абраныя людзі, а не прызначаныя”.

Цягам гадзіны Аляксандар Мілінкевіч сабраў каля паўтара дзесятку подпісаў ня толькі за Аляксандра Процьку, але і за Натальлю Шчукіну - яна балятуецца ў гарадзкі савет.

Збор подпісаў на Давыдаўскім кірмашы ішоў уперамешку з размовамі. Людзі, пазнаўшы Мілінкевіча, зьвярталіся да яго з набалелымі пытаньнямі:

(Прадпрымальнік: ) “З кожным годам усё горш і горш. Штосьці ўсё прыбаўляюць, павялічваюць. Проста ня ведаеш, чаго чакаць далей. Няма ўпэўненасьці ў заўтрашнім дні”.

(Гандлярка: ) “Хто прыдумаў гэтыя законы? Калі ня хочаце, не давайце наогул працаваць фізычным асобам. Кажыце, што толькі прадпрымальнікі могуць працаваць. Ад нас патрабуюць сэртыфікаты. Ніхто іх нам не дае, бо з намі нельга заключыць дамову - мы ж не прадпрымальнікі. Патлумачце, што нам рабіць?”

(Жанчына: ) “Чаму нашы дэпутаты атрымліваюць па тысячы даляраў, а рабочыя – дулю з маслам?”

За групай Аляксандра Мілінкевіча хадзіў намесьнік кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёну Мікалай Малы. Палітык раіў людзям задаваць і яму такія пытаньні.

У Гомелі Аляксандра Мілінкевіча ўключылі ў свае ініцыятыўныя групы многія актывісты. Учора яму давялося зьбіраць подпісы і ў Навабеліцкім раёне за дэмакратычных прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат.

Чаму былы кандыдат на прэзыдэнта выкарыстоўвае цяперашнюю выбарчую кампанію такім чынам ?

(Мілінкевіч: ) “У адной хаце ў Менску мне сказалі: не царская гэта справа. Я лічу, што гэта абсалютна памылкова. Няма ў нас цароў і халопаў, мы – адна каманда. Трэба прадэманстраваць цьвёрда: людзі за мяне зьбіралі подпісы, а зараз я -- за іх зьбіраю. І мы проста хочам гэтых пераменаў, якіх жадае большасьць насельніцтва. Таму мне вельмі прыемна хадзіць. Акрамя таго, я вучуся, ацэньваю сытуацыю, высьвятляю, што людзі думаюць? Гэта самае лепшае сацыялягічнае дасьледаваньне”, -- сказаў былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Мілінкевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG