Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Economist": “Казулін зьвярнуўся да Рады БНР па дапамогу”


Ганна Соўсь, Прага Дэмакратыя ў Беларусі знаходзіцца ў яшчэ большай небясьпецы, чым дзяржаўнасьць” – піша ўплывовы брытанскі палітыка-эканамічны часопіс "The Economist". Пры канцы мінулага тыдня у ім выйшаў артыкул “Складанасьці Беларусі”.

Брытанскі часопіс згадвае дзейнасьць Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. “Праз тонкі ланцужок пераемнасьці і спадчыннасьці яна ўяўляе беларускую дзяржаву, якая была заснаваная ў 1918 годзе і праіснавала менш за год. Цяпер ўжо няма іншых падобных на яе арганізацый, заснаваных эмігрантамі: украінскія і польскія ўрады ў выгнаньні з трыюмфам згарнулі сваю дзейнасьць па завяршэньні “халоднай вайны”, піша часопіс "The Economist".

Галоўнае дасягненьне Рады ў тым, што яна перажыла ўсе дзесяцігодзьдзі, калі Беларусь была часткай Савецкага Саюзу, і што яна была дастаткова мудрая, каб трымацца далей ад менскага постсавецкага рэжыму пасьля 1991 году. Яна ўсё ж зьбіраецца спыніць сваю дзейнасьць, аднак толькі пасьля таго, як ў Беларусі з’явіцца дэмакратычна абраны і сапраўды незалежны ўрад.

Брытанскі часопіс адзначае, што гэта сьмелая надзея. Расея адкідвае даўгі цёмны цень, і Беларусь моцна залежыць ад яе ў пытаньні гандлю і інвэстыцыяў, энэргарэсурсаў і бясьпекі.

Аднак у Беларусі, паводле брытанскага выданьня, дэмакратыя знаходзіцца ў яшчэ большай небясьпецы, чым дзяржаўнасьць. Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка кантралюе сродкі масавай інфармацыі, суды, эканоміку, чыноўнікаў. Ягоныя апанэнты часта трапляюць у турму, а некаторыя ўвогуле зьнікаюць. Нядаўна былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін з турмы зьвярнуўся да Рады БНР па дапамогу, піша брытанскі часопіс. Расея летась дапамагала Лукашэнку танным газам і моцнай дыпляматычнай абаронай ад заходняй крытыкі. У адказ Беларусь пад кіраўніцтвам Лукашэнкі прадавала расейскую зброю сумнеўным пакупнікам.

Аднак цяпер сяброўства растае. Расея хоча падвысіць цэны на газ для Беларусі ў чатыры разы. Гэты ціск ёсьць часткай тактыкі Расеі, накіраванай на атрыманьне кантролю над энэргетычнай галіной Беларусі. Аднак гэта і ўрок нявытрыманаму Лукашэнку за ягоную неразважлівую крытыку Уладзімера Пуціна, адзначае The Economist". Калі Беларусь і Расея сапраўды пасварацца, то Крэмль можа скінуць Лукашэнку і паспрабаваць уключыць Беларусь ў склад Расеі.

Гэта дасьць Радзе БНР новы, хаця і нежаданы тэрмін, як адзінаму прадстаўніку незалежнай Беларусі. Іншы варыянт, калі спадар Лукашэнка, раней абсалютны парыя, паспрабуе задобрыць Захад. Пры такім раскладзе Захаду будзе складана вырашыць, што зь ім рабіць – адштурхнуць ці зблізіцца. Але, што б не адбылося, вэтэраны Рады БНР рызыкуюць аказацца расчараванымі. Аднак у любым выпадку сумаваць ім не давядзецца, піша брытанскі часопіс “The Economist".
XS
SM
MD
LG