Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці парушаюцца ў Беларусі правы дзяцей?


Альгерд Невяроўскі, Менск 20 лістапада паводле рашэньня Арганізацыі аб’яднаных нацыяў адзначаецца як Усеагульны дзень дзяцей. Беларусь часта крытыкуюць за парушэньні правоў чалавека. А ці парушаюцца ў Беларусі правы дзяцей? Гэтае пытаньне тыдня беларускай Свабоды людзям на менскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт.

(Хлопец: ) “Я думаю, што не. Беларусь цяпер мае даволі выхаваны народ. А выхаваны народ проста ня будзе рабіць кепскага дзецям”.

(Спадарыня: ) “Ды быццам бы не парушаюцца”.

(Спадар: ) “Ніякія правы дзяцей у Беларусі не парушаюцца. Я ня бачу прыкладаў, дзе парушаліся б правы дзяцей”.

(Хлопец: ) “Правы дзяцей у Беларусі не парушаюцца. Часта чуў пра гэта размовы, але на сабе ніколі гэтага не адчуваў”.

(Маладая маці: ) “Часам так. Хутчэй гэта не парушэньне правоў, але калі б была большая грашовая дапамога ад дзяржавы. Каб болей грошай выдзялялі дзецям, напрыклад, на лета, на санаторый”.

(Маладзён: ) “Так, я думаю, што гэта адбываецца. У нас выкладаецца непраўдзівая гісторыя, а ў гэтым і ёсьць прыхаванае парушэньне правоў чалавека, у тым ліку і дзіцяці. Гэта, відаць, найбольш моцна адчуваецца ў Беларусі. Гісторыя перакручваецца любым кіраўніком, у любой дзяржаве, але ў Беларусі здаецца адбываецца поўнае яе перакручваньне. І вырастае пакаленьне, выхаванае на абсалютна незразумелых каштоўнасьцях. На нечым несапраўдным”.

(Карэспандэнт: ) “Беларусь часта крытыкуюць за парушэньні правоў чалавека. А ці парушаюцца ў Беларусі правы дзяцей?”

(Спадарыня: ) “Думаю, у нас парушаюцца правы ўсіх людзей. Відаць, і дзяцей, Але ў мене, на жаль, няма сваіх, таму мне цяжка нешта пэўнае адказаць на гэтую тэму”.

(Дзяўчына: ) “Я думаю, што правы дзяцей не парушаюцца. Напрыклад, адукацыя ў нас даступная ўсім пластам насельніцтва. Таму можна гаварыць, што правы дзяцей, правы студэнтаў, моладзі, не парушаюцца”.

(Пэнсіянэрка: ) “Думаю, асабліва не парушаюцца. Мае ўнукі не наракаюць на свае правы. Унучка ходзіць у агульнаадукацыйную і ў мастацкую школы, вывучае дзьве мовы, нармальна”.

(Спадарыня: ) “Цяжка сказаць, бо ў мяне сваіх дзяцей няма. Але часта я чула пра права на выхаваньне, на адукацыю па-беларуску, што ў гэтым пляне парушэньні правоў ёсьць”.
XS
SM
MD
LG