Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты. Калекцыя тыдня (11.11-17.11.2006)


Радыё Свабода Самыя яскравыя выказваньні герояў нашых перадачаў, што прагучалі на нашых хвалях на гэтым тыдні, словы знамянальныя, сьмешныя і жахлівыя – на сайце “Свабоды”.

"У калёніі нас падтрымлівалі гэтаксама, як нашу дэпутацкую групу "Рэспубліка" ў парлямэнце. Дзесьці ў калідоры сустрэнуць, руку паціснуць, і – у бок. Гэтаксама і ў калёніі. Што я сядзеў у Палаце, што ў калёніі, людзі ж паўсюдна аднолькавыя. Усе баяцца, страх, але падтрымка ўсё роўна ідзе. Але ж насамрэч, вельмі сьмешна – чаго людзі баяцца? Яны ж у турме! Але ўсё роўна баяцца. Страх проста жудасны".

Сяргей Скрабец, кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня – падчас прэсавай канфэрэнцыі пасьля вызваленьня.

“Мы лічым, што трэба спыніць спрэчкі паміж дэмакратычнымі сіламі, адмовіцца ад крытыкі на адрас адзін аднаго, спыніць дзяльбу партфэляў, якіх хопіць усім, калі сытуацыя зьменіцца”.

Сяргей Скрабец –пра стаўленьне яго і Аляксандра Казуліна да праблемаў апазыцыі.

“У яе няма кіпяцільніка, у камэры вельмі холадна. Яшчэ няма фіранкі, якая адгароджвае туалет. Раней жонка была ў іншай камэры, там фіранка была, а ў гэтай няма. Я ў горадзе набыў фіранку, і мы ўклалі яе ў перадачу, але фіранку не прынялі. Ня ведаю, чаму гэта забаронена? Яшчэ і кіпяцільнік не ўзялі. Сказалі, завялікі”.

Віктар Садоўскі, муж Кацярыны Садоўскай, асуджанай на два гады зьняволеньня за абразу прэзыдэнта – пра ўмовы ўтрыманьня жонкі ў турме.

“Перад Лукашэнкам зачынілі перамоўны працэс у тарыфах на газ. Цяпер яго міністры й прэм’ер павінны дамаўляцца з Аляксеем Мілерам, “Газпромам”. А тыя будуць размаўляць зь імі, як з вучнямі нядзельнай эканамічнай школы. А Пуцін будзе рабіць выгляд, што ня мае да гэтага ніякага дачыненьня. Лукашэнку разыгрываюць, як маленькага палітыка з маленькай краіны. Яго проста раўняюць па росьце”.

Эканаміст Леанід Заіка – пра цяперашні стан беларуска-расейскіх перамоваў па газавай праблеме.

“Калі і надалей будзе так, што цяперашняе пагадненьне не выконваецца што да Польшчы, бо Расея яго папросту ігнаруе, дык канешне, мы будзем блякаваць перамовы”.

Прэм’ер-міністар Польшчы Яраслаў Качыньскі – пра пазыцыю Варшавы адносна новага пагадненьня аб партнэрстве паміж Расеяй і Эўразьвязам.

"Тыя, хто хочуць уключыць Мілінкевіча ў якасьці валянтэра альбо пазьней у якасьці даверанай асобы, павінны напісаць адмысловую заяву. Там значыцца, што я прашу спадара Мілінкевіча далучыцца да сваёй групы. Але потым я даю згоду ўвайсьці ў склад руху "За свабоду!". Атрымліваецца як бы нейкі бартэр. Мілінкевіч прыедзе ў ваш горад, але ён прыедзе толькі да тых, хто згодны далучыцца да яго руху. А я пакуль што не гатовы да гэтага".

Сябра АГП Леў Марголін, які балятуецца ў Менскі абласны савет – пра ўмовы падтрымкі кандыдатаў у дэпутаты Аляксандрам Мілінкевічам.

"Мы за тое, каб стварыць сумеснае прадпрыемства з Расейскай Фэдэрацыяй на базе "Белтрансгазу" і "Газпрама". Але рабіць мы гэта будзем на рынкавых умовах – так, як Расейская Фэдэрацыя гаворыць аб пастаўках газу і нафты. Гэта значыць, мы ня можам аддаць або перадаць "Газпраму" "Белтрансгаз" бясплатна, будзе гэта 10%, 50% або любая іншая колькасьць акцый. Гэта павінна быць на рынкавых умовах".

“Я прывёў Уладзіміру Пуціну канкрэтны прыклад, калі немцы куплялі чэскую сыстэму, якая ў 2,5-3 разы меншая, чым беларуская. І яны заплацілі ў даляравым эквіваленце 5,5 мільярдаў даляраў за яе. Таму калі ацэньваць сёньня "Белтрансгаз", то гэта будзе значна даражэй, прыкладна ў два разы, пад 10 мільярдаў долараў з лішкам, а тое і 12 мільярдаў даляраў. Некаторыя спэцыялісты і да 17 мільярдаў даляраў ацэньваюць сёньня "Белтрансгаз". Мы будзем настойваць на адэкватнай ацэнцы. Якая гэта будзе ацэнка – мы вырашым у выніку перамоў, а ня ў выніку ацэнкі банка. Таму што ацэнка банка – гэта адна з прапаноў, а далей мы будзем усё лічыць. На гэтым і пагадзіліся. У залежнасьці ад гэтага, думаю, будзе залежаць у пэрспэктыве цана на прыродны газ, што пастаўляецца ў Беларусь".

З выступу Аляксандра Лукашэнкі падчас урадавай нарады па выніках яго перамоваў з У.Пуціным.

“Гэтая акцыя ёсьць пачаткам бескампраміснай барацьбы з ворагамі й здраднікамі нашай Айчыны. З прыхільнікамі лібэральнай дэмакратыі, юдаізму й масонства ды іншымі прыхільнікамі новага ўсясьветнага парадку пад кіраўніцтвам ЗША”.

З улёткі раскіданай на тэрыторыі мэмарыялу ахвяраў менскага гетта “Яма” прадстаўнікамі “Фронтам арыйскага супраціву Белая Русь”, якія апаганілі мэмарыял.

“У цэнтры Менску ўначы адначасова ў двух месцах адбыліся дастаткова маштабныя акцыі. У мэмарыяльным комплексе былі знойдзеныя лістоўкі, якія мы перадалі мэдыям. Пры ўсёй іх агіднай сутнасьці, яны сфармуляваныя даволі прафэсійна. У тоне лексыкі, прынятай у нацыяналістычных колах. Акрамя таго, мне здаецца, што сьледчы, гэтак жа як лекар, павінен спачатку расьсьледаваць і прааналізаваць самыя цяжкія варыянты. І потым толькі, выключыўшы іх, перайсьці да больш лёгкіх”.

Пасол Ізраіля ў Беларусі Зэеў Бэн-Ар’е – пра заявы сьледчых пра тое, што акты вандалізму антысэміцкага характару зробленыя , хутчэй за ўсё, падлеткамі-хуліганамі.

“Яму заявілі: “У нас ёсьць падазрэньне, што ён не грамадзянін Беларусі”. Высьвятляецца, што Раманчук — публічны чалавек, які друкуецца ў прэсе і спрабаваў раней балятавацца ў той жа Горадні — нібыта грамадзянін Гватэмалы ці Нігерыі”.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька пра адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ягонага намесьніка Яраслава Раманчука.

“Беларусь пры Лукашэнку, як і пры Машэраву і іншых кіраўніках, была прадажнай дзеўкай, якая прадавала Расеі свой гонар. Гэты гонар складаўся зь яе этнічных своеасаблівасьцяў – мовы, культуры, аўтэнтычных традыцыяў і гэтак далей. Апошнія газавыя ініцыятывы Расеі паказваюць, што там пачалі ўсьведамляць, што Беларусі ўжо няма чаго прадаваць у сымбалічным пляне. Беларусы сталі ўжо амаль такія самыя, як і расейцы, таму рэсурс продажы гонару практычна скончаны”.

Палітоляг Валерка Булгакаў – падчас он-лайн канфэрэнцыі на сайце Свабоды.

“Чаму гэта адбываецца, я ня буду казаць “паміж сяброўскімі краінамі”, як казалі раней, таму што ў нас, можна сказаць, сяброўскіх адносінаў паміж Польшчай і Беларусьсю ўвогуле няма. Няхай хаця б застануцца суседзкія адносіны”.

Генэральны консул Польшчы Анджэй Крэнтоўскі – у адказ на пытаньне “Чаму ў Беларусі існуюць праблемы ў польскай меншасьці?”

"Страшна, што людзі ўжо прызвычаіліся працаваць у паўлегальных умовах. Але добра тое, што яны ведаюць, як працаваць у такой сытуацыі".

Чэская студэнтка Радка – пра ўражаньні ад кантактаў зь беларускімі моладзевымі грамадзкімі актывістамі.

“Я мяркую, што цягам апошняга тыдня мы падставы для канфлікту ў вялікай ступені адхілілі. Сапраўды, пэўная праблема была. Найперш тады, калі частка акружэньня Мілінкевіча прапанавала яму ствараць уласную палітычную структуру і пры гэтым зьвяртацца не да новых людзей, якія не ўваходзяць ні ў якія партыі, а перавабліваць туды сяброў існых партый, упаасобку партыі БНФ. Гэта была канфліктная сытуацыя. Але мы дамовіліся, што такая практыка будзе спынена”.

Старшыня БНФ Вінцук Вячорка – пра дасягненьне згоды з Аляксандрам Мілінкевічам.

“Я лічу, што мы жывём у краіне, дзе няма свабоды, дзе разьвівацца паасобку партыям і грамадзкім арганізацыям практычна няма магчымасьці. Нас проста перадушаць паасобку. Таму трэба быць у цесным супрацоўніцтве. Трэба ісьці адным кулаком. Гэта мая пазыцыя. Я за тое, каб у аб’яднанай апазыцыі былі адзіны штаб і адзіны лідэр. І гэта вельмі важна на сёньняшнім этапе, да перамогі свабоды”.

Старшыня Палітычнай Рады дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч – пра пажаданую мадэль кіраваньня апазыцыяй.

"Мы нікому не перашкаджаем працаваць у Беларусі, але жадаем, каб да нас з мячом больш не прыходзілі".

Аляксандар Лукашэнка пра магчымасьць адкрыцьця ў Беларусі прадстаўніцтва Эўракамісіі.

"Расея, парушыўшы дамоўленасці, пачала выходзіць з асобных пагадненняў. Пуцін сказаў: "Мы павінны мець выгаду". Добра, тады і мы будзем мець выгаду".

"Беларусь – фарпост Расеі на захадзе, расейскія вайсковыя аб’екты тут разьмешчаныя бясплатна".

“Мы з урадам кідаемся па ўсім сьвеце ў пошуках нафты".

“Расейцы заўсёды былі роднымі і блізкімі людзьмі, але якімі бы блізкімі яны ні былі, мы ня можам залежыць па энерганосьбітах ад адной краіны”.

“Альбо здабываць нафту ў іншай краіне і прадаваць на ўсясьветных рынках, або як робяць амэрыканцы – танкерамі дастаўляць у парты, а затым па чыгунцы або трубаправодным транспартам пастаўляць яе ў Беларусь”.

З выступу Аляксандра Лукашэнкі перад супрацоўнікамі бабруйскага прадпрыемства “Белшына”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG