Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Увага! Слухайце "Начную Свабоду” ў суботу, 18 лістапада


Радыё Свабода Паважаныя слухачы, прапануем правесьці апошнюю гадзіну 18 лістапада разам. Калі вас зь нейкай прычыны не атрымалася паслухаць якую-небудзь перадачу Начной Свабоды на гэтым тыдні, у суботу - мы выбралі для вас самае цікавае з праграмаў Начной Свабоды гэтага тыдня – фрагмэнты размоваў з гасьцямі перадачы, досьледы і рэпартажы нашых карэспандэнтаў на актуальныя тэмы. Пачуеце таксама, што пра гэта думаюць людзі.

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец раскажа, што, на ягоную думку, найбольш цяжка перажыць у турме. Вы пачуеце прагнозы вядомага эканаміста Яраслава Раманчука, а таксама меркаваньні аўтара прыватнага дзёньніка гэтага тыдня літаратара Алеся Чобата. Суразмоўцам “Начной Свабоды” на гэтым тыдні быў таксама галоўны рэдактар часопісу “ARCHE” Валер Булгакаў. Найбольш цікавыя фрагмэнты гутарак з усімі гасьцямі – у аглядзе “Начной Свабоды” 18 лістапада.

З анталёгіі "Начной Свабоды" даведаецеся аб ініцыятыве архіваў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы стварыць інфармацыйна-пошукавую сыстэму па родзе Радзівілаў, а таксама аб праблемах працы беларускіх аўташколаў і аб тым, як атрымліваюць правы кіроўцаў у розных краінах сьвету.

Прагучыць рэпартаж пра прэм’еру чарговага фільму пра Джэймза Бонда “Казіно “Роял”, а таксама пра супольны чэска-беларускі праект “Зімовая школа”, мэта якога – паглядзець на абедзьве краіны вачыма чэскіх і беларускіх студэнтаў.

Будзе цікава паслухаць рэпартаж з Горадні аб здымках фільму пра трох афіцэраў з гэтак званага “СМЕРШу”, якія, вяртаючыся з Эўропы ў Маскву, затрымаліся ў заходнебеларускім горадзе, каб дапамагчы ліквідаваць атрад Арміі Краёвай.

У "Начной чытанцы" слухайце вершы Леаніда Дранька-Майсюка. Прагучыць чарговы кінаагляд ад мастацтвазнаўцы Максіма Жбанкова.

Вы пачуеце шмат добрай беларускай музыкі – кампазыцыі Зьмітра Вайцюшкевіча, Віктара Шалкевіка, Аляксандра Кулінковіча ды іншых беларускіх музыкаў.

Такім чынам, сустрэнемся ў суботу а 23 гадзіне на хвалях "Свабоды".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG