Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С. Скрабец: “Я і Казулін верым у будучыню нашых дзяцей”


Ганна Соўсь, Прага На гэтым тыдні слухачы “Свабоды” праз пошту і тэлефанаваньні адказвалі на пытаньне “ У што я веру”. Гэтаксама пра сваю веру і перакананьні гаварылі суразмоўцы начной і ранішняй “Свабоды”.

На гэтым тыдні з віцебскай калёніі на свабоду паводле амністыі выйшаў былы дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Сяргей Скрабец. Ад 20 кастрычніка ён трымаў галадоўку пратэсту разам з Аляксандрам Казуліным. Пасьля турмы і галадоўкі вага Сяргея паменшылася на 30 кіляграмаў. Адказваючы ў ранішнім эфіры Свабоды на пытаньне, ці засталася ў яго вера пасьля ўсіх выпрабаваньняў, Сяргей Скрабец зазначыў наступнае:

(Скрабец: ) “Канешне, яна засталася. На мой погляд, вера і сэнс жыцьця -- гэта адно і той ж пытаньне, і кожны сам задае яго сабе на працягу ўсяго жыцьця. Я магу сказаць ня толькі за сябе, але і за свайго сябра Аляксандра Казуліна, што мы верым у будучыню нашых дзяцей, у будучыню нашай краіны, у тыя каштоўнасьці, у якія верыць увесь сьвет – у дэмакратыю, свабоду, правы чалавека. Веру ў тое, што чалавек сам мае права выбіраць свой шлях. Ёсьць нешта ў нашым жыцьці акрамя чаркі і шкваркі, што вельмі важна для кожнага”.

Наступны госьць “Начной Свабоды” Яраслаў Раманчук прызнаецца, што ён чалавек аптымістычны, таму шмат у што верыць.

(Раманчук: ) “Я веру, што, калі беларусу не перашкаджаць, ён заўжды выбярэ свабоду і рынкавую эканоміку. Я веру, што свабодны выбар чалавека, калі ён робіць яго сам, лепшы за выбар найлепшага бюракрата і палітыка. Я веру ў тое, што ў Беларусі наступіць эпоха адраджэньня. Я веру ў сілу розуму, у сілу розуму ў нашай краіне. Я веру ў сапраўднае сяброўства і рамантычнае каханьне. Я веру ў тое, што ў чалавека заўжды ёсьць выбар, у якім бы ён цяжкім становішчы не знаходзіўся".

Ала Таранка з Віцебску ў лісьце на “Свабоду” піша, што ёй вельмі падабаецца цыкль “У што я веру”, яна лічыць яго вельмі цікавым.

Мікалай Козіч зь Менску згадвае адну з першых перадачаў “У што я веру”, у якой Уладзімер Арлоў гаварыў пра сваю веру ў моладзь. Спадар Козіч палемізуе зь пісьменьнікам. Ён піша: “Спадар Уладзімер, моладзі, у якую Вы верыце, адзінкі. Яе загналі ў турму. А вось уся астатняя моладзь – гэта расейскія гібрыды. Прайдзіце па Менску, і Вы не пачуеце ніводнага беларускага слова. Калі Лукашэнку прывялі да ўлады, дзяўчаткам было па 10 гадоў. Цяпер яны -- маці, і вы ад іх не пачуеце ніводнага беларускага слова, толькі расейскія. Так яны вучаць і сваіх дзетак. Я спадзяюся, што Беларусь будзе беларускай праз 30 і болей гадоў. Тады гэтым хлопчыкам, якія выйдуць з турмаў, будзе па 50 гадоў. Але я магу не дачакацца, бо мне 78 гадоў”, піша Мікалай Козіч з Менску.

Сталы слухач “Свабоды” Уладзімер Пятровіч з вёскі Мазуршчыны Салігорскага раёну Меншчыны ўважліва сочыць за ўсімі выпускамі перадачы “У што я веру”, і праз наш тэлефон-аўтаадказьнік расказаў пра свае перакананьні.

(Пятровіч: ) “Я веру, што Лукашэнка будзе зрынуты гэтак жа, які і Садам. Яго павінна чакаць вельмі жорсткае пакараньне за таталітарныя дзеяньні. І веру, што будзе лунаць сьцяг не такі, як цяпер, а сапраўдны. Я веру, што таталітарная дыктатура будзе скінутая. І веру ў тое, што Аляксандар Казулін выйдзе на свабоду. У гэта веру”.

Далей госьць “Начной Свабоды” галоўны рэдактар часопісу “Архэ” Валерка Булгакаў і ягоная вера.

(Булгакаў: ) “Я веру ў празорнасьць. Я ня веру, што кожны крок чалавека абумоўліваецца нейкім Боскім наканаваньнем, але схільны меркавац,. што ёсьць такая рэч, як празорнасьць. Таксама веру ў сваіх сяброў, у сваіх прыяцеляў, веру ў сваю сям''ю, і веру ў сваю краіну. Я не такі пэсыміст, які мяркуе, што ў Беларусі нічога добрага не здарыцца. Гэтая пазыцыя для мяне непрымальная. Я веру, што Беларусь раней ці пазьней, мне здаецца, што хутчэй раней, чым пазьней, будзе усіх нас цешыць".

Ці верыце Вы ў нешта? Што дапамагае Вам жыць? Як і чаму Вы прыйшлі да сваіх перакананьняў? Вашы каштоўнасьці і прынцыпы могуць натхніць іншых, сёньня і ў будучыні, у Беларусі і за мяжой. Раскажыце, ў што верыце Вы!

Пішыце на адрас у Беларусі: П/С 111 Менск 220005, у Чэхіі: П/С 44 Vinohradska 1, Praha 110 00

E-Mail: svaboda@rferl.org

Тэлефон-аўтаадказьнік у Менску: 266 39 52
XS
SM
MD
LG