Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – 17 лістапада


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва

Аналітычны інтэрнэт-рэсурсAFN зьвяртаецца да тэмы магчымых крокаў беларускага кіраўніцтва адносна Крамлю. У інтэрвію для AFN расейскі палітоляг Андрэй Суздальцаў робіць свае прагнозы. Андрэй Суздальцаў некалькі гадоў пражыў у Беларусі, і быў дэпартаваны на пачатку бягучага году з краіны за артыкулы, якія не падабаліся ўладам. На думку палітоляга, каб адэкватна адказаць Крамлю ў спрэчцы пра кошты на газ, Аляксандар Лукашэнка мусіць стварыць усе ўмовы для шантажу расейскага кіраўніцтва.

“Адказ (Крамлю) мусіць пераключыць абвінавачаньні з боку незадаволеных беларускай кіроўнай элітай … у правале ў перамовах з Масквой, і накіраваць незадавальненьне на адміністрацыю Пуціна... Адказ мусіць быць крокам у бок Захаду (даць яму знак)… І даць магчымасьць выкарыстоўваць “адказ” у якасьці аргумэнту ў прапагандысцкай вайне супраць Крамлю”.

Блогер deeplake задае пытаньне: “Ці ня ёсьць “прызнаньне сур’ёзнасьці і рэальнасьці” магчымага піярнага дэмаршу Аляксандра Лукашэнкі наўпроставым падштурхоўваньнем Лукашэнкі па той сьцяжынцы, зь якой ён так і ня змог сысьці пасьля сваёй перамогі на выбарах у сакавіку?”

Cайт “народных навінаў з усіх куткоў” "БюлетэньОнлайн" распавядае пра дзьвюх магілёўцаў, якіх затрымалі за тое, што на іх былі майкі з надпісамі “Надоел”. Суд прызнаў дзеяньні міліцыянтаў законнымі, бо палічыў супольны шпацыр у майках з надпісам “Надоел” за парушэньне закону пра масавыя мерапрыемствы. Затрыманыя прапанавалі судзьдзі знайсьці ў Канстытуцыі артыкул, які падмацоўвае ейную пазыцыю, і судзьдзя была вымушаная адмяніць сваё рашэньне.

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць інфармацыю пра пагрозу для 40 тысяч кажаноў, якія жывуць у адным з фартыфікацыйных будынкаў Берасьцейскае крэпасьці. Будынак хочуць прадаць з аўкцыёну, а другая па велічыні калёнія кажаноў у Эўропе можа міграваць. Удзельнікі абмеркаваньня пішуць:

“Можа ў Беларусі знойдзецца мэцэнат, які б забясьпечыў захаваньне гэтых жывёл?”

“Шкода кажаноў... Як дэлегацыі … з Расеі вазіць у крэпасьць – дык ёсьць грошы, а як жывёлак абараніць дык праблема”.

“Кажаны – індыкатар чысьціні ў прыродзе. Іх важна захаваць!”

На сайце “Колер. Блог народу Беларусі” разьмешчаныя дваццаць відэаматэрыялаў, прысьвечаных актуальным падзеям у Беларусі. Гэта дакумэнтальныя фільмы беларускіх і замежных рэжысэраў, тэлесюжэты ўкраінскіх, польскіх і нямецкіх каналаў, выступы Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Казуліна. Канцэрты беларускіх гуртоў і відэакомікс ад “Navinki-art” “Гуд бай, Бацька!” Тут можна спампаваць такія фільмы, як “Выпадковы прэзыдэнт”, “Урок беларускай мовы”, прысьвечаныя сакавіцкім падзеям ў Менску, а таксама беларускай моладзі, удзельнікам гэтых падзеяў. Ёсьць тут і фільм “89 мілімэтраў”.

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG