Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На “Белшыне” Аляксандар Лукашэнка гаварыў пра расейскі газ


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня падчас наведваньня ў Бабруйску адкрытага акцыянэрнага таварыства (ААТ) “Белшына” Аляксандар Лукашэнка шмат гаварыў пра магчымыя новыя інвэстыцыйныя праекты і праблемы ў фармаваньні кошту на пастаўкі расейскага газу. Пра масавую галадоўку сяброў першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу (БНП) падчас сустрэчы не згадвалася.

Са слоў Аляксандра Лукашэнкі ў Бабруйску на “Белшыне”, беларускаму ўраду трэба шукаць кампэнсацыйныя рэзэрвы ў выпадку падвышэньня кошту на расейскі газ. Госьць папярэдзіў, што шукаць такія рэзэрвы трэба (цытую): “не за кошт прадпрыемстваў і насельніцтва”. Іншыя магчымыя варыянты вырашэньня праблемы цяпер актыўна абмяркоўваюць экспэрты.

Вось што гаворыць у інтэрвію Радыё Свабода эканаміст Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “Заявы прэзыдэнта сьведчаць, што Менск патрапіў у сытуацыю крызісу, і ня ведае, што рабіць. Урад, мабыць, баіцца глядзець праўдзе ў вочы – пралічыць бюджэт і арыентаваць палітыку ў зусім іншай сытуацыі коштаў на газ”.

Дарэчы, сёньня Лукашэнка ўжо быў у Бабруйску, калі інфармацыйныя агенцтвы распаўсюдзілі заяву старшыні Расейскага газавага таварыства Валерыя Язева, які растлумачыў, што заплянаваны кошт для Беларусі на наступны год – $230 за тысячу кубамэтраў.

Камэнтуе Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “250 даляраў газ каштаваць ня будзе. Таму што ўвогуле такая лічба нават вышэйшая, чым для Грузіі. Я мяркую, што кошт ня будзе вышэйшым за 150 даляраў. Але калі Менск будзе так актыўна спыняць расейскія тавары на мяжы і калі будзе наўмысна крытыкаваць Пуціна, то той зробіць адмашку. У гэтым выпадку расейская бюракратычная машына, расейскія алігархі будуць адыгрывацца на Беларусі і Лукашэнку так, як робяць гэта ў дачыненьні Грузіі і Малдовы”.

Пра настроі на "Белшыне" ў дзень наведаньня Лукашэнкі гавораць працаўнікі прадпрыемства – Рыгор Васькоў і Сьцяпан Іваншын:

(Васькоў: ) "Я, напрыклад, сказаў начальніку цэху, што мне трэба падысьці і пагаварыць з "бацькам". Ён засьмяяўся і кажа: "Не, ты будзеш працаваць. У каторых няма прафмайстэрства, стажу, то заробкі 500 тысяч – гэта добра".

(Іваншын: ) "Мы працуем на абсталяваньні 1978 году. Гэта італійскія станкі, якія паставілі яшчэ 28 гадоў таму..."

На "Белшыне" паведамілі, што ў цэху буйнагабарытных шынаў, які наведаў Лукашэнка, не было сёньня на працы электрыка Алены Захожай. Жанчыну, якая трымала галадоўку пратэсту больш за 40 дзён, цяпер утрымліваюць пад наглядам мэдыкаў. А ў мінулыя выходныя на вуліцы невядомымі быў моцна зьбіты яе сын Віктар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG