Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Станіслава Пачобута арыштавалі на пяць сутак, і ён абвясьціў галадоўку


Сяргей Астраўцоў, Горадня Гарадзенскага грамадзкага актывіста Станіслава Пачобута сёньня арыштавалі на пяць сутак, і ён адразу абвясьціў галадоўку. Яго затрымалі ўчора ўвечары перад акцыяй салідарнасьці і даставілі ў Ленінскі райаддзел міліцыі. На яго склалі пратакол за дробнае хуліганства паводле артыкула 156 і пакінулі нанач за кратамі.

Судзьдзя Дзьмітры Мацеюк не згадзіўся выслухаць семярых сьведкаў з боку Станіслава Пачобута. Сьведкамі ў судзе былі толькі міліцыянты. Нікому іншаму прысутнічаць на разглядзе справы спадар Мацеюк не дазволіў.

Сам Станіслаў Пачобут пасьпеў расказаць мне наступнае: учора група моладзі мелася запаліць сьвечкі з нагоды Дня салідарнасьці. Зрабіць гэта не атрымалася, бо зьявіліся міліцыянты, затрымалі яны толькі аднаго Станіслава.

(Пачобут: ) “Потым я даведаўся, што спраўляў нейкія патрэбы ў публічным месцы. Але было відавочна адразу, што гэта правакацыя. Проста чалавек падбег, паказаў на мяне пальцам, і мяне затрымалі. Таму што рыхтавалася акцыя на пляцы Леніна, але там было больш АМАПу, чым людзей, і мы вырашылі пайсьці на Савецкую”.

Станіслаў Пачобут сказаў, што супрацоўнік міліцыі, які кіраваў затрыманьнем, затрымліваў яго некалькі разоў раней. А вось якім чынам быў складзены пратакол:

(Пачобут: ) “На вуліцы затрымалі, склалі пратакол. Потым, калі я падпісаў пратакол, напісаўшы, што я зь ім ня згодзен, і ў мяне ёсьць сьведкі, што я гэтага не рабіў, у маёй прысутнасьці выправілі пратакол: што я гэта рабіў не на вуліцы, а што заходзіў у падворак. Проста правакацыя, адразу бачна, і яна такая хісткая, “сьлінай зьлепленая” проста”.

Папярэднім разам Станіслава Пачобута затрымлівалі ў сакавіку на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, тады яго арыштавалі на 10 сутак і зьмясьцілі ў жодзінскую турму.

На здымку: Станіслаў Пачобут у Ленінскім раённым судзе Горадні.
XS
SM
MD
LG