Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч: “Трэба сабраць сілу ў адзіны кулак”


Алесь Дашчынскі, Менск Былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Мілінкевіч і Партыя БНФ заключылі палітычнае пагадненьне. Абодва бакі заяўляюць, што спрэчныя пытаньні, зьвязаныя з фармаваньнем новых дэмакратычных структураў, зьнятыя.

Ініцыятыўная група ў стварэньні руху “За свабоду”, які абвясьціў Аляксандар Мілінкевіч, і партыя БНФ дамовіліся пра супольную дзейнасьць. Партыя БНФ выступіла сузаснавальніцай новага руху. Увайсьці ў аргкамітэт мяркуюць таксама БСДГ Станіслава Шушкевіча, незарэгістраваныя БСДП (Народная грамада) Мікалая Статкевіча і Партыя свабоды й прагрэсу Ўладзімера Навасяда, а таксама "Малады фронт". Прапановы далучыцца атрымаюць іншыя структуры.

Старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка патлумачыў, што канфлікт, пра які пісалі асобныя мэдыі, вычарпаны.

(Вячорка: ) “Я мяркую, што цягам апошняга тыдня мы падставы для канфлікту ў вялікай ступені адхілілі. Сапраўды, пэўная праблема была. Найперш тады, калі частка акружэньня Мілінкевіча прапанавала яму ствараць уласную палітычную структуру і пры гэтым зьвяртацца не да новых людзей, якія не ўваходзяць ні ў якія партыі, а перавабліваць туды сяброў існых партый, упаасобку партыі БНФ. Гэта была канфліктная сытуацыя. Але мы дамовіліся, што такая практыка будзе спынена”.

Партыя БНФ і Аляксандар Мілінкевіч пагадзіліся наконт каардынацыі супольнай дзейнасьці падчас кампаніі мясцовых выбараў і падрыхтоўкі да новага Кангрэсу дэмсілаў. Паводле спадара Мілінкевіча, канфлікту не было, а вялася дыскусія.

(Мілінкевіч: ) “Папросту пры падрыхтоўцы да Кангрэсу трэба вызначыцца: сілы, якія выступаюць за незалежнасьць, – як яны будуць? Ці яны ідуць адным блёкам, і тады тыя партыі, што выступаюць за цесную супольную працу, на Кангрэсе зьліваюцца ў адзін блёк?.. Ці кожная з партый ідзе сваёй фракцыяй – і потым яны ўжо на Кангрэсе аб’ядноўваюцца?.. Ну, і пры стварэньні фракцыі на Кангрэсе, безумоўна, ёсьць пэўныя супярэчнасьці. Бо я ствараю сваю фракцыю. Я чалавек беспартыйны, а там партыйныя будуць фракцыі, і таму частка людзей з БНФ выказала жаданьне быць у маёй фракцыі. Я абсалютна не хачу разбураць БНФ – гэта не канструктыўна і шкодна. Вельмі важна, каб ён быў кансалідаваны. І мы на сёньня дамовіліся з кіраўніцтвам партыі, як гэта рабіць. Я ня бачу праблем, і пытаньні, у асноўным, усе зьняты”.

Аляксандар Мілінкевіч выступае за цеснае супрацоўніцтва дэмсілаў у адпаведнасьці з адзіным плянам.

(Мілінкевіч: ) “Я лічу, што мы жывём у краіне, дзе няма свабоды, дзе разьвівацца паасобку партыям і грамадзкім арганізацыям практычна няма магчымасьці. Нас проста перадушаць паасобку. Таму трэба быць у цесным супрацоўніцтве. Трэба ісьці адным кулаком. Гэта мая пазыцыя. Я за тое, каб у аб’яднанай апазыцыі былі адзіны штаб і адзіны лідэр. І гэта вельмі важна на сёньняшнім этапе, да перамогі свабоды”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG