Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жаночыя болькі


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Удзельнічае этнакультуроляг Тацяна Валодзіна. Эфір 16 лістапада 2006 году.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Пра жанчыну сказана столькі словаў і прасьпявана столькі песьняў, што прыдумаць штосьці новае ўжо амаль няможна. Літаратура, мастацтва, філязофія, псыхалёгія, здавалася б, разгадалі ўсе таямніцы жаночае душы ды апяялі ўсе прыгажосьці жаночага цела. І ў сучасным сьвеце мужчыны ўспрымаюць жанчыну як дадзенасьць. Праўда, у залежнасьці ад узроўню сваёй культуры. Зрэшты, так было не заўсёды. І, магчыма, рэцыдывы мінулага стаўленьня да жанчыны ў мужчынаў у нейкай ступені, хай і на роўні падсьвядомасьці, захоўваюцца аж па сёньня.

(Тацяна Валодзіна: ) “Сапраўды, хай сабе на нейкім сёмым пляне ўсё ж усьведамленьні мужчынаў месьцяць пачуцьцё нейкае небясьпекі ці нават страху перад жанчынай. Хоць трохі ўцямна патлумачыць гэта імкнуліся многія, але агульным месцам у такіх казаньнях станавілася думка пра ўжо адпрыродную нечысьціню жанчыны. Уяўленьні аб нечысьціні жанчыны даволі архаічныя і фіксуюцца, бадай, па ўсім сьвеце. З аднаго боку, маюць на ўвазе пасярэдняе становішча жанчыны між зямлёй і засьветамі, якое, аднак, патрэбнае для таго, каб атрымаць адтуль, з Космасу, новага чалавечка і перавесьці яго на зямлю. Але перадусім гэтая нечысьціня абумоўленая такой чыста фізіялягічнай асаблівасьцю жаночага арганізму як наяўнасьць месячных ачышчэньняў. Кроў сама па сабе ў народнай культуры мела даволі высокі сэміятычны статус і выклікала да сябе трапяткое стаўленьне. Тут жа кроў гублялася з упартай пэрыядычнасьцю, што выклікала жах удвая большы”.

(Ракіцкі: ) “Сёньня з суцэльнай навязьлівай тэлевізійнай рэклямаю жаночых гігіенічных сродкаў у масавай сьвядомасьці ствараецца стэрэатып mensis як чагосьці зусім звыклага, як прастуда ці проста стома. А як да фізіялягічных праблемаў жанчыны ставіліся нашыя папярэднікі? Наколькі гэтая тэма была адкрытаю?”

(Валодзіна: ) “Трэба казаць як бы пра два роўні ў стаўленьні вяскоўца да месячных. З аднаго боку, у жыцьці жаночыя рэгулы ніяк не хаваліся. Заўважым, жаночы касьцюм на той час не ўключаў такой пікантнай дэталі, як трусікі, і таму зусім схаваць “сваё” было цяжка. Зь іншага боку, месячныя ўважаліся за пэрыяд, у час якога жанчына лічылася “нячыстай” і небясьпечнай і вымушана была абмяжоўваць сваю сацыяльную і гаспадарчую дзейнасьць”.

“Жанчына нячыстая, калі ў яе бывае на сароццы. Тагды да яе можэ прычапіцца ўсялякая хвароба ці немач. Яна павінна высьцерагацца йці купацца, каб той ліхі, што сядзіць у вадзе, не падкаснуўся, бо ў такім разе ён можа зрабіць яе калекаю на ўсё жыцьцё. Нячыстай жанчыне няможна хадзіць і ў цэркаў або да касьцёла, бо калі яна там набрудзіць, то гэта вельмі вялікі грэх, ад яе анёл адступіцца, а падкасьнецца нячыстая сіла. “Месячная” жанчына не павінна ні саджаць, ні паліваць агуркоў: агуркі будуць жоўтыя. Наогул, будзе разумней, калі такая жанчына зусім ня будзе хадзіць у агарод і ў сад. Як уплывае “месячная” на расьліны, відаць з таго, што калі яна залезе на яблыню ці ігрушу — тыя ссохнуць; гляне на сьпелыя вішні — тыя зробяцца бледныя”.

(Валодзіна: ) “Такі ўплыў месячных на навакольле абумоўлены іх разуменьнем ня толькі як знаку здольнасьці жанчыны да дзетанараджэньня, але і знакам яе часовага бясплодзьдзя. Цікава яшчэ, што палескія жанчынкі, назіраючы за звычаямі суседак-габрэек, называлі свой часовы адпачынак шабашам або суботай. Казалі: “Тэпэр у мэнэ прышоў шабас, шчо трэба посідіты”. Або: “У мэнэ тэпэр субота”.

(Ракіцкі: ) “Што можна казаць пра сымболіку такой крыві? Ці ўлучалася яна ў магію, абрады, звычаі?”

(Валодзіна: ) “Мэнструальнай крыві прыпісвалася разбуральная і адначасна гаючая моц: ёю выводзілі бародаўкі і здымалі рожыстае запаленьне, зь месячнымі дазвалялася садзіць капусту, тады на яе не нападуць чэрві. З заплямленай кашуляй абыходзілі пажар. Полавыя дачыненьні пры mensis не ўхваляліся, бо гэта магло прывесьці да нараджэньня калекі ці нават упыра; у іншых месцах, наадварот, сьцьвярджалі, што дзіця, зачатае “пад краскі”, будзе прыгожае”.

(Ракіцкі: ) “І ўсё ж, ці бачыліся mensis як хвароба, болька?”

(Валодзіна: ) “Не, вядома. Іншая рэч, у самім цыклі назіраюцца адхіленьні і збоі. Тут і затрымкі або, наадварот, працяглыя, з болем і надта моцныя крывацёкі. Прыкладам, пры амэнарэі асабліва эфэктыўнымі лічыліся сродкі з выразнай скіраванасьцю ўніз, долу. Раілі кары вішнёвай наскрэбці тры разы зьверху ўніз і адвар зь яе даваць піць. Часам яшчэ да кары дадавалі дзевяць трэсак з трох падпорак зь пераплёту палазоў, саскрабаных зьверху ўніз. Пілі ваду, узятую зь віру ў рацэ ці зь “віру”, які самі рабілі ў дзежцы падчас мяшаньня вады калатоўкаю”.

(Ракіцкі: ) “Ці не расчытваецца ў такіх рэцэптах ізноў нейкая засьветавая характарыстыка жанчыны?”

(Валодзіна: ) “Па праўдзе, паўстае ў гэтых прадпісаньнях жаночае ўлоньне як вір, і тым актуалізуюцца яго хтанічныя, засьветавыя характарыстыкі. Але згадаем, той сьвет – гэта ня толькі дэманічна-пачварнае котлішча, але і сховішча магутных стваральных патэнцыяў. Гэта – той сьвет, куды адыходзяць душы. Але і адкуль прыходзяць дзеткі. Месячныя выступаюць свайго роду знакам фэртыльнага пэрыяду ў жыцьці жанчыны, калі яна яшчэ можа зацяжараць і нарадзіць. У магічнай практыцы месячка скарыстоўвалася таму пры кантрацэпцыі, хаця і ўважаліся такія прыёмы за небясьпечныя і страшныя”.

“Як ня хоча больш ужо кабета мець дзяцей, то раілі ёй памыць уласную кашулю, заплямленую падчас месячных, і ваду выліць на гарачую печ у лазьні. Калі жанчына так зробіць, колькі дзіцячых галасоў з плачам, выходзячы з лазьні, яна пачуе, столькі сама магла б мець дзяцей. Або трохі вады, што засталася пасьля мыцьця такой кашулі, трэба выліць у замок, пасьля чаго замкнуць яго і ўкінуць у студню. У такім разе дзяцей ня будзе ніколі”.

(Ракіцкі: ) “Сапраўды, страшныя, хаця і паказальныя сваёй шчыльнай зьнітаванасьцю з самой ідэяй жанчыны. Ці можна прыгадаць якія яшчэ магічныя парады, зьвязаныя з такім жаночым часам?”

(Валодзіна: ) “Калі сучасныя і гарадзкія, і вясковыя жанчыны ў такую кантрацэпцыю ўжо ня вераць, то скарыстаньне месячкі як засяроджаньня жаночай існасьці ў любоўнай магіі жыве і па сёньня. У часе экспэдыцыяў ня раз даводзіцца запісваць, як перадусім пакінутыя жонкі ў адчаі вярнуць загулялага мужа цішком дадавалі яму ў страву кропельку сваёй крыві. І, як цьвердзілі, дапамагала. Хаця і дадавалі: нядоўгай будзе прыварожаная любоў”.

(Ракіцкі: ) “Але перадусім наша перадача пра болькі. Ад чаго яшчэ пакутавалі вясковыя кабеты?”

(Валодзіна:) “Самай страшнай болькай жанчыны лічылася і лічыцца бясплодзьдзе. У народнай традыцыі яно разумеецца як вынік псоты, праклёну або парушэньня жанчынаю ці нават яе блізкімі прынятых грамадзтвам нормаў паводзінаў. Да жаночых болек, безумоўна, адносяцца і да- і пасьляродавыя ўскладненьні, пагроза выкідка, крывацёк у цяжарных і, безумоўна, залатнік”.

(Ракіцкі: ) “Залатнік? Што гэта? І якія сымптомы ў такой немачы?”

(Валодзіна: ) “Народны тэрмін залатнік мае два значэньні: па-першае, гэта такі орган, які прыпісваўся як жанчынам, так і мужчынам. Гэта – такі мяшэчак, які месьціцца недзе ля пупа. Пры перасільваньні, падрыве гэты залатнік як бы ажываў і пачынаў вандраваць па целе, выклікаючы боль і пакуты. Але часьцей як залатнік пазначаюцца жаночая матка, наогул жаночыя рэпрадуктыўныя органы. Іх хваравітым станам суправаджаліся часам роды. Таму залатнік – гэта як бы спадарожнік родаў”.

(Ракіцкі: ) “Выходзіць, усе спэцыфічна жаночыя болькі – гэта хваробы сфэры рэпрадукцыі. Як паралель, што вылучае традыцыя ў якасьці болек толькі мужчынскіх?”

(Валодзіна: ) “Бясплодзьдзе амаль на сто адсоткаў ставілася ў віну жанчыне. Зафіксаваны толькі адзін выпадак удзелу мужчыны ў лекаваньні –ад сарочак жонкі і мужа адразалі па кавалку тканіны, якія потым спальвалі, а попел, разьведзены ў вадзе, давалі выпіць мужу. З болек мужчынскіх выразна вылучаецца хіба толькі мужчынская нямоцнасьць”.

(Ракіцкі: ) “Пакуль што мы гаварылі пра болькі фізычныя, фізіялягічныя. Але ніхто ня стане пярэчыць, што ці не найбольшыя пакуты прыносілі болькі-перажываньні. Што балела традыцыйнай жанчыне? Ня станем казаць пра беднасьць, неўраджай ці хваробы дзяцей. Чым балела душа сялянкі як жанчыны?”

(Валодзіна:) “Каханьне – некаханьне. Не сакрэт, што шлюбы часта браліся без папярэдніх пачуцьцяў. І дэвіз “сьцерпіцца-зьлюбіцца” спрацоўваў. Хаця мноства лірычных песьняў даводзіць, як вяне, марнее жанчына без каханьня. Лірычная гераіня перажывае тут нялюбага мужа, сардэчную пустку больш пакутліва, чымся матэрыяльную”.
XS
SM
MD
LG