Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Недзяржаўныя газэты ня трапілі ў падпісны каталёг


Паводле Прэсавай службы Беларуская асацыяцыя журналістаў Дзяржаўнае прадпрыемства-манапаліст паштовай сувязі "Белпошта" адмовілася супрацоўнічаць зь недзяржаўнымі газэтамі "Народная воля", "Наша Ніва", "Товарищ", "СНплюс. Свободные новости плюс". У падпісным каталёгу не аказалася таксама каля дзясятка рэгіянальных незалежных выданьняў: "Брестский курьер", "Витебский курьер", "Борисовские новости", "Газета Слонимская", баранавіцкая газета "Intex-press", "Ляхавіцкі час", "Вольнае Глыбокае”, "Ганцавіцкі час", пінскі тыднёвік "Мясцовы час".

На просьбы рэдакцый і на патрабаваньні чытачоў уключыць газэты ў каталёг кіраўніцтва "Белпошты" адказвае: "у сувязі з тым, што абавязак па ўключэньні друкаванага выданьня ў каталёг не прадугледжаны заканадаўствам, выбар друкаваных выданьняў для фармаваньня каталёгу з мэтай наступнага іх распаўсюджаньня праз падпіску зьяўляецца правам РУП "Белпошта", якое рэалізуецца ім у адпаведнасьці з заканадаўствам".

Некаторыя рэдакцыі да гэтага часу не атрымалі пісьмовага адказу ад паштовага прадпрыемства.

У ліпені галоўныя рэдактары некалькіх недзяржаўных газэт зьвярнуліся зь лістом да прэзыдэнта Беларусі з просьбай паспрыяць вырашэньню праблемы. Адказ яны атрымалі ад намесьніцы міністра інфармацыі Лідзіі Ананіч, якая сьцьвярджала, што "Мiнiнфарм ня мае права ўмешвацца ў дзейнасьць самастойных суб''ектаў гаспадараньня i змушаць iх заключаць дамовы".

Нагадаем: год таму падчас фармаваньня падпіснога каталёгу на 2006 год "Белпошта" таксама адмовілася ўключыць у яго шэраг недзяржаўных газэт, а з тымі выданьнямі, на якія падпіска вялася, памянёнае прадпрыемства тэрмінова і ў аднабаковым парадку скасавала дамовы на распаўсюд на пачатку 2006 году.

У Законе "Аб паштовай сувязі" пазначана, што любая газета, якая выдаецца на тэрыторыі Беларусі і зарэгістравана Мінінфармацыі, мае права на разьмяшчэньне яе ў Каталёгу для арганізацыі падпіскі і дастаўкі адрасату. Закон забясьпечвае мажлівасьць распаўсюду друкаваных СМІ. Артыкулы 12, 14, 26 Закону “Аб паштовай сувязі” гарантуюць забеспячэньне роўнага доступу для ўсіх карыстальнікаў паштовай сувязі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG