Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская чыгунка адмовілася транспартаваць у Беларусь казахстанскую нафту


Ігар Карней, Менск Кіраўніцтва расейскай чыгункі паведаміла, што ня мае тэхнічных магчымасьцяў рэалізаваць праект пастаўкі казахстанскай нафты на Наваполацкае нафтатранспартнае прадпрыемства “Дружба” й адтуль па трубаправодзе – на Мажэйкяйскі нафтаперапрацоўчы завод (НПЗ) у Літву. Спэцыялісты адзначаюць, што рэнтабэльнасьць наваполацкай “Дружбы” апошнім часам панізілася ўжо да адмоўнага ўзроўню.

Пасьля аварыі на расейскім участку нафтаправоду “Дружба” ў ліпені гэтага году Наваполацкае прадпрыемства фактычна спыніла экспарт сыравіны за мяжу. З гэтай прычыны, паводле галоўнага інжынэра Канстанціна Дурнова, прадпрыемства церпіць вялізныя страты – пастаўкі сыравіны ў Літву на Мажэйкяйскі НПЗ роўныя нулю.

(Дурноў: ) “Так, гэта абсалютна дакладна. Нуль паставак. Натуральна, што прадпрыемства церпіць страты, прадпрыемства не працуе на экспарт. Таму страты эканамічныя вялізныя”.

Тры гады таму Расея спыніла транзыт нафты празь Беларусь у Латвію, у зьвязку з чым нафтаправод на прыбалтыйскім кірунку аказаўся загружаны толькі на 40%. Праз наваполацкае прадпрыемства “Дружба” пасьля ліпеньскай аварыі гэтаксама спыніўся транзыт сыравіны і ў Літву. Пра варыянты паставак нафты ў Наваполацак чыгункай кіраўніцтва беларускага прадпрыемства папярэджана не было. Канстанцін Дурноў патлумачыў, што дагэтуль чыгуначным транспартам нафта ў Наваполацак не пастаўлялася. Аднак, паводле галоўнага інжынэра, ня выключана, што такія дамоўленасьці вяліся на больш высокім узроўні.

(Дурноў: ) “Ніколі раней чыгуначным транспартам нам яшчэ нафта не пастаўлялася. Магчыма, гэта дзесьці было на ўзроўні разгляду варыянтаў. Таму трэба запытваць у тых, хто мае наўпроставы выхад туды, на Расею”.

Тым часам у расейскіх СМІ зьявілася інфармацыя: кіраўніцтва расейскай чыгункі заявіла пра тэхнічную няздольнасьць ажыцьцяўленьня праекту ў зьвязку з празьмернай загружанасьцю сваёй сыстэмы.

Расейскі бок патрабуе падвышэньня пошлін на сырую нафту, якая пастаўляецца на беларускія НПЗ. Нягледзячы на блізкае заканчэньне 2006 году, так і не падпісаны кантракт у коштах на прыродны газ на наступны год. Як кажа эканаміст Тацяна Манёнак, ува ўмовах няпэўнасьці Беларусь змушана весьці пошук сыравінных альтэрнатыў. У часе сустрэч Лукашэнкі з прэзыдэнтамі Вэнэсуэлы, Азэрбайджану, Ірану так ці інакш закраналіся пытаньні супрацоўніцтва ў нафтагазавай сфэры. Гэтаксама паведамлялася, што разглядаўся варыянт пастаўкі праз Украіну ў Беларусь туркмэнскага газу. На колькі апраўданы спадзевы беларускага кіраўніцтва?

Камэнтуе Тацяна Манёнак.

(Манёнак: ) “Ува ўсялякім выпадку расейскі бок знойдзе магчымасьці, як націснуць на Беларусь. Урэшце рэшт і Ўкраіна, і Беларусь вельмі залежаць, на жаль, ад расейскай манаполіі. І Беларусь яшчэ ў большай ступені залежная, чым Украіна, бо Ўкраіна мае папярэднія дамоўленасьці і з Туркмэнбашы, і з Азэрбайджанам наконт нафтагазавых паставак. У Беларусі такіх дамоўленасьцяў не было. Толькі сёлета пачаліся нейкія перамовы з Азэрбайджанам. Але беларускаму кіраўніцтву далі зразумець, што даволі складана гэта зрабіць. Апроч таго, увесь прыродны газ у Туркмэніі наперад ужо выкупіла Расея. Таму спробы пошуку нейкіх альтэрнатыў, канечне, магчымыя. Аднак плён такіх намаганьняў выклікае вялікія сумневы”.

Тым часам Аляксандар Лукашэнка чарговы раз заявіў, што будзе патрабаваць ад падначаленых ашчаднасьці ў выкарыстаньні энэргарэсурсаў.
XS
SM
MD
LG