Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: здымаюць фільм пра змаганьне з атрадам Арміі Краёвай


Сяргей Астраўцоў, Горадня На вуліцах Горадні сёньня можна ўбачыць людзей у вопратцы 40-х гадоў: цывільных, вайскоўцаў, нават мужчын у польскіх шапках-рагатувках. Расейскі прадусарскі цэнтар “Цэнтралпартнёршып” здымае фільм пра трох афіцэраў з гэтак званага “СМЕРШу”, якія вяртаючыся з Эўропы ў Маскву, затрымаліся ў заходнебеларускім горадзе, каб дапамагчы зьліквідаваць атрад Арміі Краёвай. 4-х сэрыйны фільм для 1-га расейскага тэлеканалу здымае маскоўскі рэжысэр Зінові Ройзман. Удзельнічаюць у здымках 15 расейскіх і беларускіх актораў.

На вуліцы Акадэмічнай 2-х павяховая старая забудова, фасады вымагаюць рамонту, якраз нібыта 45-ы год. Здымкаў чакаюць мясцовыя статысты —некаторыя ў шапках-рагатувках – выглядаюць як лясныя браты. Адзін зь іх прызнаецца:

(Спадар:) “Уражаньняў пакуль ніякіх, першы дзень здымкаў. Дагэтуль вельмі даўно здымаўся ў “Раскіданым гнязьдзе” у масоўцы. Кіно ёсьць кіно: весела!”

(Карэспандэнт:) “Я пачуў ужо, што тут робяць фільма пра Армію Краёву. Гэтая шынэль з адмысловымі гузікамі — партызанаў Арміі Краёвай?”

(Спадар:) “Па сюжэту верагодней за ўсё гэта будуць пасьляваенныя гады, лясныя браты, работа “СМЕРША” на нашай тэрыторыі”.

(Карэспандэнт:) “Што гэта за фільм?”

(Спадарыня:) “Нельга. У нас ёсьць рэдактар, які адказвае за ўсю гэтую справу, — Алена Дзенісевіч і толькі праз яе ўсе размовы. Мы не ўпаўнаважаныя”.

Спадарыня Дзенісевіч не адмовілася расказаць пра будучы фільм.

(Дзенісевіч:) “Горадня — знаходка для кінематаграфістаў, асабліва што зьвязана з эпохай, з гісторыяй, таму што аўтэнтычнасьць у горадзе нейкім чынам жыве. У Маскве знайсьці вулічкі, у якіх можна здымаць, не закранаючы шклопакетаў, адрэстаўраваных сучасных сьценаў вельмі складана. Тут усё гэта ёсьць, Сюжэт фільму завязаны на заходнебеларускі горад, а некаторая частка адбываецца непасрэдна ў Горадні. Лістапад 1945 году, адзін з атрадаў Арміі Краёвай ператвараецца ў бандыцкае фармаваньне, ад якога церпяць мірныя жыхары”.

Фільм здымаецца на некалькіх пляцоўках. Мне давялося назіраць за падрыхтоўкай да вечаровай работы здымачнай групы. У старым падворку на вул.Савецкай паставілі белы экран, акторы і статысты доўга чакалі, калі падрыхтуюць пляцоўку. На самой Савецкай паставілі вялікую лямпу, якая сьвяціла ў падворак праз браму. Лямпу ахоўвалі тры міліцыянты.

А тым часам паблізу над вуліцы Урыцкага — на тле турэмнай сьцяны ўжо два дні вісіць чырвоны транспарант “Сталинским духом крепка и сильна армия наша и наша страна!”

(Карэспандэнт:) “Тут такі плякат, вас не засмучае, што ў ім напісана пра Сталіна?”

(Спадарыня:) “Не, ну калі гэта фільм, то якія праблемы? Павевы часу і эпохі трэба адлюстроўваць. Я ўспрымаю нармальна, гэта зьвязана з кіно, і я ня зьвязваю больш ні з чым іншым”.





XS
SM
MD
LG